Перайсці да зместу

Старонка:У глыбі Палесься (1927).pdf/60

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— У Бервянцы. Там такая букта, што і прысам дна не дастанеш. Там можа хвоя схаваецца!.. Вось там многа рыбы!

— Адкуль-жа ты ведаеш, што там яе многа?

— Я бачыў, як там яна плавае! І плюхае, страх як плюхае!

Якуб нешта ўспомніў і пачаў сьмяяцца.

— Чаго ты сьмяешся?

— Сьмешна было раз. Дзядзька вудзіў рыбу, а яна там як плюхне! Я кажу: дзядзька, унь рыба плюхнула! А дзядзька кажа: вось каб яшчэ плюхнула адна такая рыба, дык і квас быў-бы!

— Ну, годзе табе расказваць! Няхай Андрэй адпачываць ідзе, — сказала Маня: — я ўжо паслала табе на палатках у гумне, — зьвярнулася яна да Андрэя.

— Хадзі, я табе пакажу палаткі, — і Якуб павёў брата ў гумно.

— Мы з дзядзькам майстравалі тут, — казаў ідучы Якуб.

Ён увесь час вярцеўся каля брата і шчабятаў сваім дзіцячым галаском.

— Што-ж ты цяпер будзеш рабіць? — запытаў Андрэй.

— Пайду зараз да дзядзькі. Дзядзька казаў, што навучыць мяне араць.

— Пойдзем Якубка: няхай Андрэй сьпіць.

Маня паклікала гаваркога Якуба і зачыніла вароты.

Лабановіч разьдзеўся і лёг на мяккую пасьцель. Змучанае дарогаю і бяссоннымі начамі цела даўно патрабавала адпачынку, але заснуць ён адразу ня мог, бо вельмі многа было ўсялякіх уражаньняў, і нэрвы яго ператаміліся, а мысьлі нейк мітусіліся ў галаве і не паддаваліся ніякаму контролю.

У гумне было досыць сьвежа і цемнавата, хоць з-пад шчыта сюды ўрываліся косы вясеньняга сонца, а скрозь няшчыльна зложаныя сьцены сьвяцілася яснае неба. З вясёлым шчабятаньнем залятала сюды пара ластавачак, аблюбаваўшых сабе месца для гнязьдзечка, і парушала гэтую маўклівасьць сялянскага зацішку. З поля сяды-тады даносілася пануканьне дзядзькі Марціна. Каля Нёмна — а ён быў