Перайсці да зместу

Старонка:У глыбі Палесься (1927).pdf/59

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Сымон, старшы брат, вось ужо тры нядзелі, як на плыты пайшоў. А якія заработкі плыты? Калі прынясе дзесяць рубельчыкаў, то і добра. А колькі нагаруецца, нацярпіцца. І з пашаю цесна, забаронена ўсюды, чуць дзе ступіць скаціна, зараз і штрафы плаці. Ну, словам, чым далей, тым горай. Наогул, нейк цяжэй стала жыць на сьвеце. А тут і дзяўчаты падрастаюць і адзеньне ім трэба спраўляць.

Лабановіч усё гэта слухаў, хоць і цяжка было слухаць. Ён заўважыў, што маці паблажала за гэты час, відаць клопату многа і жывецца ня лёгка. А перад гэтым клопатам унікаў яго ўласны. У глыбі свае душы ён папікаў сябе за тое, што нічым яшчэ не дапамог дома. Праўда, і памагчы было яму трудна, бо пэнсія была невялікая, і за два апошнія месяцы ён і ня браў яшчэ яе. І тут асьвяціла яго думка — даць даверанасьць знаёмаму крамніку Гэсалю, што ў Панямоні, на гэтую пэнсію. Гэсаль з ахвотаю бярэцца за такія справы і хоць прыдзецца яму ўступіць значны процант, затое-ж бяз клопату можна дастаць рублёў трыццаць пяць. Дваццаць рублёў ён аддасьць на гаспадарку, а рэшту пакіне сабе. На гэтай думцы ён зусім заспакоіўся і значна павесялеў. І гэта ён зробіць у бліжэйшы час. Можа нават заўтра сходзіць да Гэсаля.

— Ты, сынок, як-бы трохі паблажаў, — заўважыла маці, прыглядаючыся да сына.

— Не, мама: гэта проста з дарогі, бо я дзьве ночы ня спаў.

— То ты, сынок, выпі сьвежанькага малачка ды ідзі засьні ў гумне.

— Але, такі трэба трохі адпачыць.

Маці прынесла цэлы кубак малака.

Якуб ужо ўстаў і пазіраў на брата.

— Ну, Якуб, дык многа назнаходзіў ты чарвей?

— Я цяпер ведаю, дзе іх трэба шукаць: на дрывотні пад трэскамі, — адказаў Якуб. — Вось калі Андрэй захоча, то ён у два міга прынясе іх поўную бляшанку. Але рыба цяпер лепш бярэцца на аўсянікаў.

— А ведаеш, Андрэй, дзе многа рыбы?

— Ну, дзе?