Перайсці да зместу

Старонка:У глыбі Палесься (1927).pdf/52

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Не даходзячы да лукі, выгнуўшыся яшчэ раз каля лесу вельмі прыгожаю дугою, Нёман забіраў управа, пралёгші роўнаю, бліскучаю стужкаю паміж лугам і полем. На адным канцы дугі стаялі кучаравыя пышныя хвоі, зьвесіўшы над вадою махрыстыя галіны і аплёўшы пяшчаны бераг цэлаю сеткаю смаляных карэнняў. За імі пачыналіся маладыя сакавітыя баравіны, перамешаныя з старым лесам. Там сям з зялёнага мора маладога хвойніку высока ўзьнімаліся парасоны-верхавіны хвой-старадрэвін, як-бы аглядаючы зялёныя прасторы свае маладое зьмены і цешачы яе размахам і сакавітаю жыцьцёвасьцю. І гэты малады хвойнік, і гэты лес, і гэтыя хвоі зьліваліся ў адну сьцяну лесу, вырысоўваючы прыгожую вычварную лінію загібаў-паваротаў, разгортваючы сваё цёмна-зялёнае крыло і ахватваючы пяшчанае поле, дзе раскінуліся маўклівыя пагоркі. А над усім над гэтым ляжала цішыня і спакой раніцы.

— Стой, брат Алесь! — спыніўся Лабановіч, захопленый гэтым спакоем раніцы і хараством таго, што было навакола, — ты паглядзі, што за слаўнота!

І паказаў рукою на ўсход, дзе скрозь проразі далёкага лесу прасьвечваўся пазалочаны край неба, абмыты майскімі росамі, і разгортваліся цэлыя панорамы ўзгоркаў.

— Эх, што за мясьціна! — пачаў Лабановіч і раптам перапыніў самога сябе.

— Слухай, брат, слухай.

Над ускрайкам лесу, дзе пачыналіся жоўтыя пяскі, зазьвінела песьня лясной жаваранкі. Яна першая тут вітала наступаньне дня, і песьня яе расплывалася ў маўклівым паветры звонам тонкага дарагога мэталю, напаўняючы ясна-сінія разлогі надзем‘я і глыбокую цішыню зямлі, агорнутай затоена-радаснаю задумлёнасьцю. Здавалася, усё навокал занямела, зачараванае цудоўнымі тонамі песьні гэтай вольнай пясьняркі ўзьлескаў і пяшчаных пустак між лесу. Снуючыся высока ў небе, раняла яна мяккія, ласкальныя мэлёдыі, сатканыя з звону срэбраных струн, з бульканьня лясных ручайкоў, з зумканьня пчаліных крылцаў, шолаху красак. І ўсе гэтыя тоны сплятаюцца так гармонічна-сваяасабліва ў песьні лясной жаваранкі, што песьня яе даходзіць да самых