Перайсці да зместу

Старонка:У глыбі Палесься (1927).pdf/51

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

дзе-ні-дзе сярод луга, а мясцамі і цэлыя дубовыя гаі. Многа тут для іх прастору і сонца. Ёсьць дзе разгарнуцца іх магутным карэньням, камлём і галінам. Між гэтых дрэў асабліва кідалася ў вочы падарожнага старадрэвіна-хвоя, што стаяла на высокім грудзе непадалёку ад Нёмна. Яна зварачала на сябе ўвагу і сваёю адзінокасьцю, бо яна была туг зусім адна, і сваёю фігураю.

Тоўсты, гладкі, бы вытачаны, камель з карою накшталт адмысловай чарапіцы высока ўзьнімаў верхавіну, заламаўшы яе на бок пад простым вуглом, а на гэтым заломе змайстраваў сабе бусел доўгавечнае гняздо. Ад яе адзінокае постаці, ад гэтай пахіленай у бок лесу верхавіны павявала нейкім смуткам, як-бы ўлажыла яна цяжар на свае плечы і схіліла Галаву пад гэтым цяжарам.

У лузе было пуста і бязьлюдна! Адны толькі драчы ня ведалі сапачынку і не шкадавалі горла: адзін перад другім, схаваўшыся ў траве, лупілі яны свае аднагучныя скрыпучыя песьні, як-бы ўвесь сэнс іх складаўся з таго, каб перакрычаць адзін другога.

— Драч-драч! Драч-драч! — і так без канца, і так без адпачынку.

Пачынала разьвідняцца.

Няясныя постаці прыбярэжных кустоў усё больш і больш вырысоўваліся, выплывалі з ранічнага мроку, сьвятлелі, разьвясельваліся, і шырэй разгортваліся прыгожыя краявіды, поўныя радаснага спакою і маўклівага задуменьня.

Дарога павярнула ўлева, пайшла грудамі, шчыльней тулячыся да Нёмна, дзе ён апісваў вельмі зграбную луку, падыходзячы к лесу. Уся гэта лука выглядала пышным старасьвецкім садам, дзе замест пладовых дрэў расьлі разложыстыя, дуплястыя, з асмаленымі жараламі дубы, убраныя чорнымі шапкамі буславых гнёздаў. Часамі гэтыя гнёзды, заціснутыя ў разьвіліны стромкіх аголеных шпянёў, высока ўзьнятых над зялёнаю каронаю дуба, што пачынаў сохнуць зьверху, здаваліся нейкімі дзіўнымі падвескамі над дубамі, бо самыя шпяні скрадваліся адлежнасьцю і губляліся ў празрыстых хвалях паветра.