Перайсці да зместу

Старонка:У глыбі Палесься (1927).pdf/50

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

нам. Краем лесу пабегла задорыстае водгульле, прыціхла, а потым павярнула назад, бягучы другім крылом лесу, а нарэшце зусім заціхла на яго заломе.

— Хораша выходзіць! — забыўшы ўсё на сьвеце, захоплены гулкасьцю і выразістасьцю водгульля, прамовіў Садовіч і гукнуў яшчэ раз.

— А ну, давай гукнём разам!

Некалькі раз гукнулі хорам і слухалі, як разьлягалася рэха і будзіла ранічны спакой маўклівых ваколіц.

— Вось дзе, брат, хараство! Прастор! А якое здаровае паветра! Ну, проста як-бы на сьвет нарадзіўся. Чуеш, як жыцьцё крыніцаю б‘ецца ў кожнай тваёй жыле! — яшчэ ў большае захапленьне прыходзіў Садовіч.

Мінуўшы масты, сябры павярнулі направа. Разуліся, бо дарога забірала ў лугі, а побач яе стаяла высокая росная трава. Басанож патрапалі далей, пахвальваючы і дарогу і расу, і гэтую прыемнасьць ступаць босымі нагамі па мяккай дарозе, і сьвежае ранічнае паветра.

Чым далей адыходзіліся яны ад Панямоньня, тым спакайней станавілася ў іх на сэрцы, тым з большаю сілаю паддаваліся яны чарам гэтай дарогі і яе малюнкаў. Адзін край луга стыкаўся з лесам, уразаўся ў яго, адхопліваючы дугаватыя лукі і павялічваючы свае травяністыя прасторы. І ўздоўж і ўпоперак перасякаўся ён вузкімі, доўгімі і глыбокімі тонямі, заросшымі аерам, сітняком, чаротамі і мяккімі ніцымі лозамі, дзе хаваліся розныя лугавыя птушкі. Срэбнаю стужкаю вывіваўся Нёман, то падыходзячы пад самы лес, падразаючы карэньне дрэвам, то бягучы сярэдзінаю луга вырысоўваючы прыгожыя лукі, то падступаючы к полю, апіразваючы бліскучым жывым паскам яго пяшчаныя скаты. Сям-там па лугавых грудох раскідаліся бародкі-кудзеркі дубовых астраўкоў, дзе буяў малады, сакавіты дубняк, кусты арэшніку, брызгліны, чаромхі і крушыны, а самая понізь засьцілалася мяккаю лугавою канапелькаю, што зацьвітае летам такімі прыгожымі сіненькімі кветачкамі… Эх, як прывольны прасторы наднямонскіх лугоў! Часамі над гэтымі прасторамі зялёнага мора, як вартаўнік, узьнімаліся пышныя постаці адзінокіх дрэў, пераважна дубоў, параскіданых