Перайсці да зместу

Старонка:У глыбі Палесься (1927).pdf/47

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ня шкодзіла-б успомніць тут усім вядомую прыказку.

◆ Апошнімі днямі, у зьвязку з сухою пагодаю, пачалі гарэць Радзівілаўскія лясы.

◆ Каталіцкае насяленьне воласьці, адміністрацыя князя Радзівіла, дробныя арандатары, а таксама і шляхта робяць захады аб адчыненьні ў Панямоні касьцёлу, зачыненага з 1863 году. Як нам удалося даведацца, касьцёл будзе адчынены, і ўжо назначаны ксёндз Савікня.

Па мястэчку.

◆ У Малкі Шулькін трэцяга дня адбыўся вобыск. Агэнты акцызнага нагляду шукалі гарэлкі: быў зроблен данос, то Шулькін трымае патайны шынок. Знойдзена поўбутэлькі гарэлкі, пяць засмажаных тараноў, хвост, рэбры і галава ад селядца. Напісан пратакол.

◆ На Юр‘еўскім кірмашы адбылася ўпартая бойка паміж нашым панямонскім чэмпіёнам Пятрусём Маргуном і сялянамі вёскі Чыхуны. Ня гледзячы на тое, што перавага была на старане Чыхуноўцаў, наш чэмпіён, выхваціўшы з цялежкі шворан, разагнаў іх, і поўная перамога засталася за нашым чэмпіёнам.

Як відаць, мы ўступаем у паласу мілітарызму: народ б‘ецца шворнамі, а мозг гэтага народу, інтэлігенцыя, практыкуецца ў стратэгіі на „зялёным полі“.

Ва ўсякім разе, начальству варта было-б зьвярнуць увагу на чэмпіёнаў шворна і „зялёнага поля“ і выдаць ім мядалі за храбрасьць.

Трохі фантастыкі.

У падножжы вапельнай гары, непадалёку ад магілак, час-ад-часу зьяўляюцца таемныя постаці маладой пары. Шмат каму з грамадзянства здаралася сустракаць іх там вечарамі. Каваль Хаім быў напалохан імі і ад страху захварэў.

Цікава адзначыць, што ў той час, калі паяўляюцца гэтыя постаці ў свой пэўны час, хворыя панямонцы ня могуць дастукацца на фэльчарскім пункце, рыцына астаецца неспажытаю, а болі і хваробы нялечанымі.


Покі Радактар дачытваў і папраўляў сваю газэту, агарак сьвечкі пачынаў канаць. Яе белае полымя дрыгацела, хісталася, падымалася і ападала, і вось-вось, здавалася, пагасьне. І раптам з неспадзяванаю сілаю зноў выбухала і зараз-жа ў зьнямозе нікла, як апошні прадсьмертны ўздых.