Новым ён быў толькі для маладых настаўнікаў. Няясная ў мроку постаць яго выплыла на сярэдзіну клясы, дзе было сьветла.
Лысы, лоб круты, маршчыністы. Сам сутулаваты, прысадзісты. Адзеты бедна, але паінтэлігенцку. З пачатку цёмная, па канцох рыжая, барада яго пачыналася чуць не ад самых вачэй. Бровы навіслыя, густыя. Твар пануры, але ён часта мяняецца. Вочы неспакойныя, часамі глядзяць нейк дзіка, і іх выраза таксама мяняецца часта. З вушэй тырчаць цэлыя кусты густых валасоў. Гаворыць чотка, выразна, гладка, нават красамоўна. У некаторых пунктах размовы звонка б‘е далоньню аб далонь. На від яму гадоў пад пяцьдзесят. Гэта быў ніхто іншы, як „Радактар“. Сапраўднае-ж прозьвішча яго было Бухберг.
„Радактар“ таксама быў настаўнікам. У яго вышлі нелады з народам Іеговы, сынам якога ён быў, і школу прышлося пакінуць. Ён рэзка нападаў на звычаі свайго народу, жорстка высьмейваў яго забабоны і, як той старажытны біблійны прарок, бічаваў яго акасьцянеласьць і консэрватызм. Праціўнікі называлі яго „місюгінэ“, што значыць вар‘ят, і хацелі забіць яго каменьнямі. Была раз рукапашная стычка з імі, але ён паразьмятаў іх сілаю і крэпасьцю кулакоў сваіх.
Ніхто не даваў яму дапамогі, і „Радактару“ прыходзілася вельмі цяжка. Але ён гнуў сваю лінію і ні на якія компромісы ня ішоў. Ён быў дапісчыкам провінцыяльнай газэты і выкрываў „язвы на грамадзкім целе“. Але „Радактар“ не здавольваўся роляю дапісчыка. У галаве яго было многа ўсякіх ідэй. Адна такая ідэя — прыступіць да выданьня панямонскай газэты. Ён разьвіў і пропагандаваў гэтую ідэю сярод панямонскай інтэлігенцыі. Але словы яго падалі на камяністы грунт і засыхалі, ня даўшы прорасьці, бо ніхто на іх не адгукнуўся. Тады „Радактар“ махнуў на ўсіх рукою і ўзяўся за газэту сам адзін. Яго газэта называлася „Панямонскія Ведамасьці“. Уся яна ад пачатку да канца складалася самым „Радактарам“. Газэта выходзіла раз у два тыдні. Тыраж яе быў ад 10 да 15 экзэмпляраў. Рассылалася яна не па пошце: сам „Радактар’“ прыносіў яе на кватэры сваіх падпісчыкаў у рукапісным відзе. Цана № значылася 10 кап.