Перайсці да зместу

Старонка:У глыбі Палесься (1927).pdf/41

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Садовіч ціхенька падышоў да Тараса Іванавіча і напомніў яму аб трох рублёх доўгу.

— Браток ты мой родненькі! Я-ж голы астаўся: сем рублёў прасадзіў!.. Пачакай трохі.

Калі на першы банк банкіры не знаходзіліся, то цяпер іх выскачыла адразу цэлых тры.

— Я дзяржу банк! — загарланіў Памахайлік.

— Банк стаўлю я! — замітусіўся старшыня.

— Шыш аднаму і другому, — грымнуў Тарас Іванавіч і схапіў карты, расчышчаючы месца за сталом.

— Я першы сказаў!

— Паставіш яшчэ, чорт цябе ня возьме! — сказаў Тарас Іванавіч і палажыў на стол тры рублі.

Скрыва глянуў Памахайлік.

— Гэта-чорт ведае што! З рук вырываць карты!.. Бочка! — дадаў ён, панізіўшы голас.

— Заткніся, кадзіла… добрасьмярдзючае! — Тарас Іванавіч павярнуўся да Памахайліка, акінуў грозным вокам.

— Ціха вы, усе нагуляецеся, — лагодненька сказаў да іх Зязюльскі.

Тарас Іванавіч пачаў раздаваць карты.

— Табе колькі даць, масла ты лампаднае? — спытаў ён Памахайліка ўжо тонам згоды.

— Не хачу на твой банк карты браць.

Памахайлік сядзеў надзьмуты.

— Каяцца будзеш: карты бяручыя.

— Ну, давай.

Злосьць у Памахайліка прайшла.

— Піва, горла прамачыць!

— Базыль, пасылай па піва!

Базыль не спрачаецца. Ён нічога ня мае проціў піва і адлічвае грошы на тузень піва, бо ён-жа выйграў.

На сцэну выходзіць Ёсель, зьнікае, а праз нядоўгі час тарабаніць поўны кош піва.

Банк Тараса Іванавіча цягнецца доўга. Грошы прыходзяць і выходзяць. Садовіч некалькі разоў даведваецца свае кішэні. Зязюльскі дыплёматычна адышоў ад свайго „вучня“, бо „настаўніцкія“ дарады аказваюцца марнымі.