Бедны Найдус хацеў незаметна забраць поўрубля з-пад дамы, але банкір сачыў акуратна.
— Гані! Гані!
І забраў паўрубель і грыўню. А Тарас Іванавіч пацікавіўся картаю, як ні хацеў Найдус выдаваць свае таямніцы.
— Ха-ха-ха! — рагатаў Тарас Іванавіч: — Тамара Аляксееўна, нашто вы падвялі Найдуса? — І паказаў ёй чырвенную даму.
— Стукаю! — крычаў банкір, — промэнат!
Гэта значыць, банк утроіўся і будзе апошняя здача карт.
— Прапёр, брат, выйгрыш і сваіх пяцьдзесят капеек, — тужліва прызнаўся Садовіч свайму прыяцелю, — пушчу яшчэ рубель і квіта… Ты, брат, маладзец — дзевяты вал узяў.
— А й ты-ж узяў.
— Я яшчэ вазьму, — храбрыўся Садовіч.
Базыль раздаў карты. Банк яго рос. Найдус пачырванеў — відаць высокія меркаваў стаўкі. А Зязюльскі тымчасам даваў дарады Лабановічу, як якую паставіць карту. Паставілі ўвесь папярэдні выйгрыш. Садовіч таксама павялічыў стаўку і заміж рубля паставіў два. Тамара Аляксееўна была зусім спакойна, але чараўнічая ўсьмешка зьбегла з яе губ. Цяпер толькі ігра перайшла ў вышэйшую ступень напружанасьці.
Трывожна акінуў Базыль вачамі поле сваіх праціўнікаў. У банку было рублёў дваццаць. Хацелася захаваць гэты банк, зьняць як можна больш. А ігракі прагавітымі поглядамі акідалі кучу грошай, кожнаму хацелася як найбольш выцягнуць з гэтае кучы.
Банкір нават закурыў.
Яму шчасьціла. Нават дзевятага раду нікому ня даў.
Вылажыўшы апошнюю карту, банкір пазьбіраў „мазы“ з-пад карт і абедзьвюма рукамі пасунуў да сябе кучу грошай.
— Набраўся, як жаба гразі! — з зайздрасьцю прамовіў Найдус, хоць ён трохі „адбіўся“ за гэты раз.
Лабановіч спусьціў свой выйгрыш, але Зязюльскі паддаваў яму духу.
— Выйграем яшчэ! Ты толькі мяне слухай.