словы. А Тарас Іванавіч, каб апраўдаць славу „златавуста панямонскага“, сказаў аб Лабановічу яшчэ:
— Тут, на тэрыторыі, дзе красуе ваша прыгожаства, ён асьмеліўся заявіць, што ня будзе прызнаваць паганскай веры…
— Ой, скажу Вользе Сьцяпанаўне, — пастрашыў Лабановіч Шырокага, — ня мінуць табе чарпака.
Тамара Аляксееўна з дакорам паківала галавою, пазіраючы на Лабановіча, а Тарас Іванавіч з жарам выпаліў:
— З-за Тамары Аляксееўны гатоў пад розгі легчы і на крыж пайсьці.
Але якраз увайшла Вольга Сьцяпанаўна, і Тарас Іванавіч асекся і разыграў ролю дурасьлівага школьніка ў момант паяўленьня грознага настаўніка.
Тамара Аляксееўна кінулася да Вольгі Сьцяпанаўны і па жаночаму звычаю пацалавалася з ёю.
— Каго-ж вы, Тамара Аляксееўна, у паганскую веру прыводзіць будзеце? — запытала гаспадыня.
Госьці засьмяяліся, зашумелі, а Тамара Аляксееўна; крадучыся, як кошка, накіравалася да Садовіча: Садовіч стаяў у недаўменьні і ня ведаў, што будзе далей і як рэагаваць на ўсё гэта. А настаўніца падышла блізенька, працягнула руку і ўзяла Садовіча за вуха і павяла яго вакол стала пад громкі сьмех панямонскай „інтэлігенцыі“. На поўдарозе Садовіч спрытна падхапіў яе пад руку і вызваліў сваё вуха. Потым удваіх яны пайшлі да Лабановіча. Як толькі Тамара Аляксееўна працягнула руку, каб узяць за вуха, ён адскочыў у бок.
— Эге! — пачуліся галасы: — паляшук не даецца.
І пачалася беганка. Лабановіч вывёртваўся ўсякі раз, калі Тамара Аляксееўна, здавалася, вось-вось схваціць яго за вуха. Яна ганялася за ім па клясе, па лаўках, але дарма. То той, то другі з гасьцей стараліся памагчы настаўніцы ўзяць за вуха непакорлівага „паляшука“, але ён вылузваўся, уцякаў і падражніваўся:
— Кароткі ў вас рукі.
Сам Тарас Іванавіч прышоў ёй на папамогу. Не спадзяючыся дагнаць вёрткага „паляшука“, ён скраўся ззаду і наваліўся ўсім сваім сяміпудовым целам на Лабановіча і ўшчаміў яго жалезнымі рукамі. Рвануўся бедны хлопец, але