— А-а-а! — разам ахнула некалькі галасоў: праз тыя-ж дзьверы пад ручку ўваходзіла пара — Тамара Аляксееўна і Найдус. Найдус быў прылізаны, у чорнай тужурцы з бліскучымі гузікамі. Ясна, што была пастаўлена стаўка на закасаваньне ўсіх іншых прэтэндэнтаў на прыгожую дзяўчыну. На губах у Тамары Аляксееўны красавалася ўсьмешка, да такая чароўная, што хіба толькі той ня мог крануцца ёю, што ўжо высах на 90 проц.
Найдус галантна падводзіў сваю даму да кожнага госьця, з каторым і віталася яна ўсё з тэю-ж чараўнічаю ўсьмешкаю, прычым кожны стараўся сказаць ёй пры гэтым самы прыемны панямонскі комплімэнт, а калі ў каго не знаходзілася такога, то хоць адказнаю і таксама прыемнаю ўсьмешкаю выказаць сваё захапленьне яе прыгожасьцю.
Карэнчык таксама расплыўся ў усьмешку, але гэтая ўсьмешка вельмі мала дадала яму хараства. Ён быў нават намерыўся сказаць, але з яго губ сарвалася адно толькі шыканьне. А Тарас Іванавіч перахваціў Тамару Аляксееўну ад Найдуса, сказаўшы:
— Кіньце вы гэтага таўкача: я вас пазнаёмлю з нашымі колегамі, — і сам павёў яе да настаўнікаў.
Тамара Аляксееўна з усімі віталася моўчкі, асьвятляючы кожнага ўсё тэю-ж чараўнічаю ўсьмешкаю. Паходка яе была плыўкая, мяккая. Цёмна-каштанавыя валасы, завітыя спрытнаю, напрактыкаванаю рукою, спускаліся бясконцымі хвалямі на верхні абрыс твару, даючы яму шыкозную аправу.
Знаёмячыся з Садовічам, яна проста-такі асыпала яго іскрамі з „неба Італіі“, а верхняя губка яе, чуць-чуць перахвачаная пасярэдзіне ямінкаю, лёганька задрыжала пад павевам прыямнейшай на сьвеце жаночай усьмешкі.
— Гэта — сьвяцільнік Бабруйшчыны, — рэкомэндаваў Тарас Іванавіч Садовіча. А „сьвяцільнік Бабруйшчыны“ кіўнуўся ўсёю фігураю і толькі кашлянуў басам.
— А гэта — прасьвяціцель цёмнага Палесься, вялікі пустэльнік, але не кладзеце яму пальца ў рот.
Тамара Аляксееўна падала руку „пустэльніку“, а другою рукою лёганька шлёпнула па руцэ Тараса Іванавіча і назвала яго „златавуст панямонскі“. Гэта былі яе першыя