Перайсці да зместу

Старонка:У глыбі Палесься (1927).pdf/31

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ён ня мог далей гаварыць і толькі безнадзейна махнуў рукой.

V

Покі Зязюльскі выліваў смутак свайго сэрца, сабралася амаль што ўся кампанія. Падышоў вядомы ўжо старшыня Брыль Язэп, памоцнік пісара, Савось Карэнчык, бяссочны, як таран, вяртлявы, суятлівы хлопец, і дзяк з цэрквы сьв. Магдалены, Майсей Памахайлік. Яго яшчэ называлі „места пячаці“. Гэтая мянушка вышла з сфэры валаснога праўленьня, бо там галоўным чынам былі блянкі з літарамі М. і П., дзе і ставілася пячаць. Дзяк належаў да тыпу людзей, якіх звычайна называюць цьвілымі або сьметанковымі. Ён быў крыклівы, гарласты і сваё права бараніў з такім жарам, што толькі адзін Тарас Іванавіч Шырокі, стукнуўшы кулаком-молатам перад носам Памахайліка, наводзіў на яго страх і змушаў Заціхаць.

Садовіч і яго прыяцель на першых часах адчувалі сябе трохі нялоўка сярод гэтае кампаніі, асабліва Лабановіч, і чакалі, што будзе далей. То той, то другі з гасьцей перакідаўся з імі адным-двума словамі, але агульнай тэмы для гутаркі не знаходзілася, як-бы гэтыя людзі выпадкам сышліся дзесь на вакзале, чакаючы поезда.

— Што-ж гэта Найдуса няма? — запытаўся Тарас Іванавіч. Ён добра ведаў, чаму няма Найдуса: Найдус каля новае настаўніцы пакручваецца, але трэба-ж было даць тон і нейк прыступіць да справы.

— Найдус ведае, дзе трэба хадзіць, — чмыхнуў сядзелец.

— Да яны зараз прыдуць, сказаў Карэнчык, — Тамара Аляксееўна і мяне заклікала, каб разам прыйсьці, але я не хацеў ужо станавіцца Найдусу ўпоперак дарогі.

— Чуеш, брат Стары, — шапнуў Садовіч прыяцелю: — давай, брат, адцісьнем Найдуса!

— Ну, што-ж? папробуй, — ціха адказаў Лабановіч.

Садовіч, яшчэ ня бачачы новае настаўніцы, кашлянуў басам, падаў наперад грудзі, — словам прыняў пэўную кавалерскую постаць. А Карэнчык яшчэ дадаў: