— Хто-ж гэта такія?
Увага трох прыяцеляў спынілася на незнаёмых падарожных. А тыя ў сваю чаргу пазіралі на гэтых трох і, як відаць, яшчэ здалёк пазналі іх.
Напрактыкаванае вока Шырокага адразу аднесла гасьцей да належнай катэгорыі.
— Пэдагогі! — сказаў ён, і голас яго ажыў, набыў зразу жыцьцёвую моц, а вочы яшчэ вастрэй уставіліся ў маладых хлопцаў: хацелася-ж і пазнаць іх. І толькі тады, калі Лабановіч і Садовіч шырокімі ўзмахамі рук паднялі свае шапкі і артыстычна пакланіліся кампаніі панямонцаў, Шырокі ажыў яшчэ больш. Ён схваціўся з месца, дзябёлая фігура яго рэзка калыхнулася, здрыгануўшы ганак, і зычным голасам прывітаў Шырокі маладых настаўнікаў.
— А галубчыкі-ж мае! Адкуль-жа гэта вы?
Шырокі размашыста рушыўся на спатканьне гасьцям, прычым жывот яго закалыхаўся, як човен на вадзе. Па чарзе абняў ён аднаго і другога госьця. А госьці, абнятыя Шырокім, як бы на момант зьнікалі з вачэй: яны закрываліся фігураю Шырокага і траціліся ў ёй.
— Вот люблю свайго брата настаўніка! Гэта — соль зямлі! — крыкнуў ён, зірнуўшы на фэльчара і старшыню.
Шырокі выказваў усе адзнакі нястрыманага руху, парывістай, стыхійнай радасьці і буйства: спатканьне з калегамі прывяло яго ў гэты надзвычайны стан душы.
— Пакланіся ім ніжэй, гулугала ты! — накінуўся Шырокі на старшыню, і ў той час, калі старшыня вітаўся з настаўнікамі, ён ухапіў яго за карк і гнуў яго галаву.
— Гэта — сьвятыя мучанікі за ідэю народнае асьветы, ня тое, што ты, камінар ты цёмны: толькі тое і робіш, што за нядоімкі апошнюю цялушку цягнеш з двара, або ты, рыцынная душа: стружа чалавека жывот, а ты з яго рыцынаю пазалеташняе выганяеш.
— Не чапай ты ўжо лепш мэдыцыны: нічога ты ў ёй не разумеш, — заступіўся фэльчар за сваю профэсію.
Зьняважліва глянуў. Шырокі на фэльчара, галавою паківаў.