Яна мяняе тон, уздыхае.
— Ох, Андрэй Пятровіч! і ня хочацца ісьці, але трэба. Правядзеце мяне, калі не лянуецеся.
Яны выходзяць.
На чыгунцы разьвіталіся.
Вольга Віктараўна ідзе борзда, ні разу назад не аглянулася. Лабановіч стаіць, пазірае ёй у сьлед. Хацеў дагнаць, яшчэ прайсьціся з ёю.
На поле насоўваецца мрок, і постаць яе зьліваецца з цемрадзьдзю. Лабановіч ідзе назад. Ідзе, разважае аб апошніх падзеях.
У той вечар, калі загрукацеў першы поезд, Захар Лемеш ішоў з воласьці. Гумар яго быў значна падняты, бо ён чуў аб добрых навінах. Ён нават пасьмейваецца сам сабе.
— Галава, гэты мой пісар! — думае старшыня аб пісару Дулебе, — выходзіць так, як ён і казаў!
Калі-ж да яго вушэй данёсься грукат з чыгункі, і ён пачуў гудок, то запыніўся, паслухаў, а потым гаворыць, гаворыць громка, сваім ужо старшынёўскім голасам:
— Дуракі, дуракі! І як яны маглі асьмеліцца пайсьці супроць царскай улады?
Гэты прарыў глухой цішыні на чыгунцы быў як-бы дзіркаю, праз якую і палезьлі розныя падзеі. Спадцішка яны падрыхтоўваліся і раней, але цяпер выяўленьне іх пайшло болей шпарка.
Лабановіч ня раз заўважаў нейкія таемныя цені пад вокнамі свае кватэры. Пачаў прыглядацца да іх. Ясна, што ён быў на падазрэньні, і за ім сачылі. Сачыла патрошкі і патаемна паліцыя, сачылі і з двара пана Скірмунта, прыглядаўся да яго і дзяк па сваёй добрай волі. Гэтае сачэньне пачалося з таго часу, калі пан Скірмунт перадаў тую пэтыцыю пану маршалку. З прычыны гэтае пэтыцыі была склікана цэлая нарада. Запрасілі паліцмэйстра і казацкага афіцэра.
Маршалак, таўшчэразны, непаваротлівы чалавек, накшталт гіпапатама, прышоў у вялікае абурэньне.