Вось у гэтае мястэчка і накіраваліся нашы вандроўнікі — Лабановіч і Садовіч.
Прайшлі жалезны мост, спусьціліся з высокага насыпу і пайшлі берагам Нёмана. Чыстая нёмнавая вада, жоўценькі пясочак на дне, прыгожы беражок, — усё гэта вабіла такою спакусаю, што маладыя настаўнікі змушаны былі спыніцца. Сам Нёман, здавалася, сказаў ім:
— А можа-б вы, хлопцы, пакупаліся?
І, ня гледзячы на тое, што час для купаньня быў зараньні, бо каноплі былі яшчэ не настолькі высокія, каб у іх магла схавацца варона[1], настаўнікі з вялікаю прыемнасьцю выкупаліся, папесьціўшы голае цела на гарачым пяску прыбярэжжа, асьвяжыліся і пачуліся, як ня трэба лепей, пасьля чаго ўжо пайшлі ў Панямонь, малайцы малайцамі.
У той час, калі яны купаліся, на ганку фэльчарскага пункту сядзеў гурток панямонскай інтэлігенцыі. Гэта была група найболей дзейных карцёжнікаў, самых што называецца заядлых канаводаў. Тут быў сам фэльчар, Мікіта Найдус, зухаваты хлопец-праныра, проціў яго сядзеў валасны старшыня, Брыль Язэп, нізенькі, кругленькі чалавечак накшталт францускае булкі, з носам драпежніка. У колах карцёжнікаў ён больш быў вядомы пад мянушкаю „Акула“. Так назваў яго Тарас Іванавіч Шырокі. Гэты яго „хрышчоны бацька“ сядзеў тут-жа радам з ім. Шырокі — тутэйшы настаўнік. Ён быў загадчыкам двухклясавае школы і быў шырокім ня толькі па прозьвішчу, але і па сваёй фігуры, і па сваёй натуры, і нават па размаху ігры ў карты.
Яны зрэдка перакідаліся кароткімі сказамі. Але відаць было па іх тварах, што яны даўно ўжо прыгледзеліся адны другім і што ім чагось бракавала. Душы іх знаходзіліся ў стане тамленьня і праглі дзейнасьці, шукалі вострасьці адчуваньня, але выхаду не знаходзілі. Шырокі задуменна пазіраў кудысь у прасторы. Найдус ціхенька пасьвістываў і барабаніў пальцамі, а Брыль Язэп паварочваў драпежніцкі свой нос направа і налева. Ён першы заўважыў маладых вандроўнікаў.
- ↑ У народзе ёсьць такая прымета, што купацца можна толькі тады, калі каноплі падрастуць настолькі, што ў іх можа схавацца варона.