Перайсці да зместу

Старонка:У глыбі Палесься (1927).pdf/192

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Зьбірайце тады сход. Вырашым сходам. Выступаць трэба згодна і ўсім разам.

На трэці дзень сабраўся сход.

Ніколі ня бачылі школьныя сьцены такога многалюднага, бурлівага, неспакойнага сходу. Вякамі зьбіраная і тоеная крыўда, несправядлівасьць і прыніжэньне цяпер усплываюць са дна сялянскай душы і злучаюць увесь натоўп у нешта адно зьлітна-цэлае, многагаловае, многарукае, зьнітаванае адным жаданьнем, адною воляю. Гэта той стан выяўленьня людзкой псыхікі, калі людзі-адзінкі расплываюцца, каб зьліцца ў чалавеку-натоўпе.

Сярод соцень сьветлых і цёмных галоў, валасатых і лысых, відаць і старастава галава. Стараста Бабіч, гэты ціхі і лагодны чалавек, які ўмее так добра слухаць, цяпер строгі і зацяты. Відаць, ён чымся заклапочаны і як-бы непакоен. Ці выпадала яму прыходзіць на гэты сход, як асобе офіцыяльнай?.. Нядобра займаць такое прамежнае месца! Старшыні тут няма. О, не! старшыня сюды ня пойдзе. І царкоўны стараста Крэшчык таксама ня прышоў. Да і многа каго няма, але гэта ўсё людзі заможныя, каля начальства любяць пабыць, а тут якраз супроцьначальніцкая чыннасьць мае мець месца.

Грозны вагор зямельных бунтаў пакаціўся па неасяжных прасторах царскай Расіі, скованай астрогамі і ланцугамі няволі, пакаціўся бляскам пажараў, клубамі дыму, афарбоўваючы ў крывавы колер халоднае асеньняе неба. Адвечная сялянская прага да зямлі і гэтае, ніколі няўміручае, імкненьне да волі цяпер выліваюцца ў адным глухім, няўцямным ракатаньні, гудзе і ідзе нястрыманым поступам, разбураючы ўсё на сваёй дарозе. Кідаюць паны свае маёнткі, як пацукі падпалены млын, уцякаюць у гарады, галосячы аб ратунку і расказваючы аб жудасьцях, чынімых мужыком-зьверам.

І вось цяпер адны з такіх „мужыкоў-зьвяроў“ сабраліся ў школе. Паміж сабою дома яны ўжо ня раз цішком разьбіралі падзеі апошніх дзён, а цяпер, на сходзе, ім трэба гэта аформіць, каб усё было „па закону“. А для гэтай законнасьці яны і старасту Бабіча прыпрэглі сюды.