Перайсці да зместу

Старонка:У глыбі Палесься (1927).pdf/19

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная
III

Мястэчка Панямонь — прашу ня зьмешваць яго з другою Панямоньню — было ў трох вярстах ад станцыі, а можа нават і меней. Гэта ўжо старое мястэчка. Стаіць яно ў прыгожым месьце над Нёмнам, на шырокім гасьцінцы, што ідзе з Нясьвіжа на Менск. Калі падняцца на вапельную гару, а яна тут-жа, крыху на захад ад мястэчка, і зірнуць у бок Нёмана, то перад вамі разгорнецца найпрыгажэйшая панорама. Улева ад вас будзе жалезная дарога, мост цераз Нёман. А як прыгожа выглядае адгэтуль Нёман! Як выцягнутае срэбнае вужышча з дзесяткамі, сотнямі, тысячамі прыгожа акругленых кален-нартоў, павіваецца, бы пасьмейваецца на сонцы, стары наравісты Нёман у сваіх высокіх берагох, атуленых лозамі і пахучымі травамі-зельлем, далінамі-лугамі, полем-узгоркамі з залатымі або беласьнежнымі скатамі сваіх пяскоў… Сьмела кажу: мала дзе знойдзеце вы такіх прыгожых рэчак, як Нёман. Лявей жалезнай дарогі другое мястэчка, яшчэ большае за Панямонь, хоць і Панямонь мястэчка не малое. А сама гэтая вапельная гара! А Сіняўскі гай!.. Хіба толькі той не паддасца чарам іх хараства, хто ў харастве нічога ня кеміць.

У мястэчку Панямонь многа розных выдатных будынкаў і ўстаноў. Тут ёсьць цагляная лазьня, цэрква сьв. Магдалены, два млыны, дзьве школы, сінагога, касьцёл і камяніца Базыля Трайчанскага. Але вы яго напэўна ня ўсе ведаеце. А шкода: чалавек ён слаўны, настаўнік і грамадзкі дзеяч. Адным словам, мястэчка вельмі выдатнае, і калі, бывала, уваходзіш у яго, то несьвядома пачынаеш прасякацца вялікаю да яго павагаю і пашанаю.

Заслугоўваюць увагі і самі панямонцы. Гэта ўсё мілыя і добрыя людзі, і многа ў іх далікацтва. Калі іх моцна што здзівіць, то сваё зьдзіўленьне — а гавораць яны борзьдзенька — выказваюць так:

— Ва! ва!

Пры гэтым некаторыя дабаўляюць „браток ты мой“. Але ў слове „браток“ літару „а“ вымаўляюць, як „ы“, і такім чынам яны кажуць:

— Ва! ва! брыток ты мой.