Перайсці да зместу

Старонка:У глыбі Палесься (1927).pdf/185

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Высокага, ці хто іншы, нават з інтэлігенцыі, часамі, не дачакаўшы канца, памаленьку схаваецца, проста зьбяжыць, то ён яшчэ сакоча некаторы час. А калі заўважыць, што яго слухачы — вязы і ліпы, тады ён азірнецца, быстра, як патрывожаны арол. Часамі ён на гэтым і канчае. Усё залежыць ад таго, у якой меры выліта яго абурэньне. Калі-ж абурэньне яго надта вялікае, то ён ідзе шукаць жывога сьведку-слухача, каб скончыць сваю дыскусію. Спружыніста зрываецца з месца, рашуча ідзе да плятня ў бок школы. Там ёсьць пералаз. Іван Пракопавіч задзірае полы чорнага яраслаўскага кажуха, дынамічна закідае перш адну, потым другую нагу — гоп! — і ён на тэрыторыі школьнага агароду.

На сярэдзіне школьнага агароду ён трохі затрымліваецца — куды накіравацца. Ізноў такі далейшыя паводзіны яго залежыць ад ступені яго абурэньня. Часамі ён мінае школу і ідзе далей, бо настаўнік заняты, хоць з ім пагаварыць яму найзручней. Папершае, ён слухаць умее, уставіць слова, рэпліку падасьць, ну, словам, дапамагае выказацца да дна; падругое, ён такі чалавек, з якім прыемна было пагаманіць аб вайне: абодва яны былі ў курсе ваенных спраў, абодва мелі на канец вайны аднакія погляды, хоць яны тут здорава падашукаліся; патрэцяе, настаўнік такі чалавек, з якога можа толк быць, калі яго належным парадкам накіраваць у патрэбны пункт. І лясьнічы шмат папацеў, даючы суседу належны кірунак: засылаў яму „Новое время“, Розанава, Лютастанскага, а з прыгожага пісьменства — Мельнікава-Пячэрскага, якога лясьнічы ставіў на самае першае месца сярод рускіх пісьменьнікаў, бо яго романы, „На горах“ і „Весах“ ня маюць роўных сабе: у іх, як нідзе і ў нікога, адбіты „ісьцінны“ рускі дух.

Абурэньне-ж Івана Пракопавіча на гэты раз такое вялікае, што ён ідзе ў школу. Наўперад заходзіць у кухню.

— Здарова, Ганна! — як з пісталета выпальвае Іван Пракопавіч словы прывітаньня.

— Здаровенькі булы! — кланяецца Ганна.

— Ну, як жывуць твае байствукі?

Ганна штось адказвае, але ён ня слухае. Карыстаецца выпадкам, каб выліць часьць свае злосьці.