Перайсці да зместу

Старонка:У глыбі Палесься (1927).pdf/182

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Лабановіч сьледам за Вольгаю Віктараўнаю па чарзе павітаўся з імі, прычым ніхто сваіх прозьвішч не называў. Толькі Вольга Віктараўна называла незнаёмых дзяцюкоў па імёнах: тав. Глеб, Саламон, т. Грыша. Усе яны былі яшчэ маладыя дзяцюкі, і вызначыць іх профэсію было трудна — напэўна рабочыя. Самы сталы з іх быў Глеб, і аблічча яго выкрывала ў ім найбольш інтэлігентнага чалавека на гэтым сабраньні. Ён быў у пэнснэ, меў невялічкую рыжаваценькую бародку, акуратна падстрыжаную, і трымаў сябе найбольш незалежна і спакойна. Па ўсяму відаць было, што ён — найбольш аўторытэтная тут асоба.

Лабановіч абегла акінуў поглядам пакойчык з яго ўбогаю абстаноўкаю і запыніў усю сваю ўвагу на гэтых маладых, зусім незнаёмых яму хлопцах.

Прадстаўленьне аб рэчаіснасьці і сама рэчаіснасьць — розныя рэчы. Вобраз „крамольнікаў“-рэволюцыянэраў зусім ня так рысаваўся Лабановічу, як ён убачыў іх тут: перад ім былі звычайныя людзі, без романтыкі і дэмонізму, на від хірлявыя і слабыя, адзетыя яшчэ бядней, чым ён сам. Яму паказалася, што яго новыя знаёмыя чымся занепакоены… Няўжо яны баяцца? Было нейк нялоўка, цесна і як-бы душна і наогул няпрыемна і залішне ўрачыста. Грыша падыходзіць да Глеба, аб чымся гутараць. Саламон падсядае да Лабановіча.

— Вам, таварыш, першы раз прыходзіцца быць на такіх сабраньнях?

— Першы раз — адказвае настаўнік.

— А вы ўжо многа займаецеся настаўніцкаю практыкаю?

— Трэці год.

— Ну, а скажэце, як настроена сялянства?

— Розныя ў іх бываюць настроі. Даць такую агульную характарыстыку іх досыць трудна.

Праз колькі хвілін з другога ходу паказваецца высокі малады хлопец, той самы, што вёў іх сюды. І ён пашаптаўся з Глебам.

Лабановіч тым часам крыху асвойтаўся з гэтаю нязвычайнаю для яго абстаноўкаю і з цікавасьцю прыглядаецца да гэтых новых для яго людзей, чакае, што будзе далей.