Перайсці да зместу

Старонка:У глыбі Палесься (1927).pdf/180

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Мінуўшы арыштны дом, прычым Лабановіч падарыў яго вельмі ўважлівым поглядам, ён ступіў на тэрыторыю Пінска і пайшоў па брукаванай Купецкай вуліцы. На вуліцы было досыць пуста і глуха. Калі-ні-калі затухкаюць па каменнаму мосьціку ногі, скрыпнуць весьнічкі, і зноў усё заспакойваецца, як-бы скоўваецца гэтым цёмным мрокам. Прайшоўшы некалькі вуліц і завулкаў, Лабановіч накіроўваецца на прыстань, абмінаючы болей жывыя і шумныя вуліцы. Па дарозе папалася яму некалькі будак, пунктаў паліцэйскай варты, каля якіх звычайна стаялі або тупалі гарадавыя ў цыратовых плашчох.

„Што рабіў-бы ты, брат, каб ты ведаў, куды я іду?“ думаў Лабановіч, мінаючы сонных, марудлівых, прывычных да свае варты гарадавых. „Напэўна заварушыўся-б шпарчэй“, і чуць прыметная ўсьмешка прабягае па яго губах.

Не даходзячы да цэнтру гораду, Лабановіч ідзе глухім завулкам у бок прыстані. Прыглядаецца да тых фігур, што абганяюць яго. Мяркуе, ці ня шпік гэта часамі, бо яму здаецца, што гэтыя людзі-сабакі чуюць нюхам яго крамольныя замахі. На прыстані ізноў адчуваецца вальней і прастарней.

А прыстань шырокая, доўгая, роўная, прасторная, акуратна вылажана гладкімі каменнымі плітамі і асфальтам, абсаджана двома радамі каштанаў. Таксама ў два рады пастаўлены тут лаўкі на роўнай адлежнасьці адна ад другой, каб было дзе пасядзець у добрую пагоду людзям, калі прытомяцца шпацыруючы. Прыстань моцна сьціскае левы бераг глыбокай і спакойнай Піны. Яе халодныя сталёвыя струмені ціха ўсхліпваюць, б‘ючыся аб гладкі каменны бераг і штось гутараць прыцішаным голасам з чаратамі, што на другім боку зьлёгка пакалыхваюць параходы і параходзікі, дубы і чайкі, што густа зьбіліся на ўсім працягу прыстані.

Павольна пасоўваецца Лабановіч у бок манастыра. Пануры і страшны цяпер гэты манастыр, атулены мрокам і мглою асеньняга вечара. Яго сярэдзіна сям-там выступае з цемрадзі белымі плямамі, дзе падае сьвятло ад вокан і ліхтароў, а порталы і вежы расплываюцца ў мроку.

Вольга Віктараўна трохі спазьнілася.