Перайсці да зместу

Старонка:У глыбі Палесься (1927).pdf/18

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Калі — кажа — ён ёсьць сапраўды бог, то зноў у школу вернецца. Вось які наш Іван!..

— Да гэтага ад яго можна спадзявацца, — заўважыў Лабановіч.

— А цяпер мяркуецца цара з царыцаю прапіць і ехаць у Амэрыку.

Павядзеньне Івана Тарпака разьвесяліла маладых настаўнікаў. Пры гэтым успомнілі яго сэмінарскую біографію.

Гэта быў здольны хлопец, але страшэнны гультай, трымаўся з усімі незалежна, да лекцый гатаваўся слаба. Я калі яго выклікалі да дошкі і ён пачынаў зьбівацца, то на ўвагі настаўнікаў звычайна адказваў.

— Я спужаўся, — і пры гэтым рабіў міну зусім перапалоханага чалавека.

Хлопец ён быў здаравенны, грудасты, шырокаплечы і гэтыя яго „пярэпалахі“ выклікалі агульны сьмех. Адзін з настаўнікаў, акінуўшы поглядам яго фігуру, сказаў яму:

— Да чаго-ж табе пужацца? Ты-ж можаш сьцерці мяне ў парашок.

І тым ня меней на гэтых пярэпалахах Іван Тарпак шчасьліва даехаў да канца сэмінарскага курсу.

Сонца зьвярнула з поўдня, было досыць горача. Садовіч сеў на сваёй накідцы, зірнуў на дарогу і сказаў:

— Што, Стары, пойдзем можа?

— Давай будзем рухацца.

Зрабілі кароткую нараду, якою дарогаю ім пайсьці дамоў, бо дарог было некалькі. Кожная з гэтых дарог мела свае пэўныя перавагі ў параўнаньні з другімі і чым-небудзь уступала другім.

— А ведаеш ты што, — сказаў Лабановіч: — а давай пойдзем на Панямонь? Зробім там прывал…

— А гэта ідэя! — падхапіў Садовіч: — і ўжо калі на тое пайшло, то давай зойдзем там да Шырокага. Ён мне, гад, яшчэ з каляд астаўся вінен тры рублі картачнага доўгу.

— Ідзе, — адгукнуўся Лабановіч.

Сябры падняліся, паправілі свае гарнітуры і павярнулі на Панямонь.