туль будзе вёрст пяць. Яго порталы, як крыльлі біблейнага ангела, паважна разгортваюцца на фоне ружова-яснага неба, і тады нельга на яго не заглядзецца.
Кожны раз, калі Лабановіч ідзе з воласьці па-над Пінаю, яму кідаецца ў вочы гэты манастыр, і нейкае дзіўнае ўражаньне робіць ён на настаўніка, будзячы ў памяці падзеі гістарычнага прошлага, змаганьне двух веравызнаньняў, з якіх ніводнае не зрабіла людзей шчасьлівымі. Многа прайшло часу, многа людзкіх пакаленьняў сышло з арэны жыццьця, а гэтая махіна стаіць і стаіць, і доўга яшчэ будзе стаяць, каб быць сьведкаю новага змаганьня за новы парадак жыцьця, дзе на першым пляне будуць стаяць рэальныя інтарэсы зямлі.
Лабановіч ня спускае з памяці сваю апошнюю гутарку з Вольгаю Віктараўнаю. Яны ўмовіліся спаткацца вечарам у суботу каля гэтага манастыра на прыстані. Тут-жа недалёка ёсьць патайное месца, дзе зрэдка адбываецца патаемнае сабраньне. Вось гэтае сабраньне і займае цяпер мысьлі настаўніка.
Сказаць праўду, яму трохі страшна. Страшна гэтага новага павароту ў жыцьці, бо ён нямінуча павінен пайсьці па дарозе, дзе так многа небясьпекі, дзе на кожным кроку цябе можа чакаць ліхая прыгода. У яго ўяўленьні рысуюцца арышты, астрогі, ссылка. З таго часу, як пачаў ён вясьці сваю патайную работу, ён адчувае нейкі непакой і трывогу. Калі яму здаралася бачыць тут якога-небудзь паліцэйскага чына, то мімаволі думалася, ці не па яго справе зьяўляецца гэты прадстаўнік улады. Нэрвы яго ўвесь час былі троху ўзьняты, і ён стаў падазрэнным і асьцярожным, асабліва калі да яго пачалі даходзіць сякія-такія чуткі аб яго паводзінах. Але патрошку ён прывык да мысьлі, што ён можа папасьціся, што яго заарыштуюць, і перастаў гэтага баяцца. Наадварот, яму часамі арышт здаваўся прынадным, непазбаўленым сваеасаблівай прыемнасьці. Чаму-ж і не пацярпець за праўду? Чаму не спрабаваць лёсу „крамольніка“? Чаму не зазнаць астрожнага жыцьця? Астрог таксама ёсьць школа, дзе жыцьцё пазнаецца больш глыбока і востра. Апроч усяго гэтага, тут ёсьць і пэўная рызыка, ёсьць аса-