Перайсці да зместу

Старонка:У глыбі Палесься (1927).pdf/177

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

грэблі. Іх контуры сьцяты гэтым густым мрокам, і яны выглядаюць, як нейкія дзіўныя купіны. А далей нічога ня відаць. Зямля завешана чорным-чорным полагам. На небе ні зорачкі. Сівыя хмары навісаюць нізка-нізка і яшчэ больш павялічваюць гэтую цемнату. Відаць, зьбіраецца дождж.

На пераезьдзе Лабановіч запыняецца. Чуваць далёкае грукатаньне поезда. Лабановічу робіцца весялей, і гэты грукат паказваецца яму блізкім і слаўным. Далёка-далёка выплываюць з мроку два агоньчыкі, як вочы добрага прыяцеля. Здаецца, яны стаяць на адным месцы, ня рухаюцца, але жалезныя калёсы ўсё выразьней сьпяваюць сваю аднастайную песьню-тухканьне.

Гэтыя два агоньчыкі і гэтае тухканьне ажыўляюць начную пустэлю, мімаволі напрошваюцца на параўнаньне з тым невядомым новым, прыход якога адчуваюць ужо чуткія вушы гэтых загнаных у цёмныя норы людзей.

XXVII

З крутой завіліны сяла Высокага, дзе Піна падаецца ў бок зарэчных балот, вельмі добра відаць паўднёвая часьць Пінска. Вялізарны белы манастыр, збудаваны езуітамі ў шаснаццатым веку, і манастырскі будынак, дзе даўней жылі манахі, а цяпер зьмяшчаецца духоўнае вучылішча, як волаты, узьнімаюцца над роўнядзьдзю балот, становячы самы крайні паўднёвы рог Пінска.

Зацятаю грознасьцю і панураю суровасьцю вее ад гэтых старасьвецкіх муроў, а сам манастыр мае выгляд непадкупнага вартаўніка на варце аджытых рэлігійных традыцый старасьветчыны. Як непарушная скала над морам, стаіць над балотамі гэты маўклівы волат, аглядаючы неасяжныя разлогі Пінскага Палесься на далёкія дзесяткі вёрст. Халодная строгасьць яго стылю і гордая моц узьняцьця ў высь робяць дужа вялікае ўражаньне і прыкоўваюць да сябе ўвагу, кідаючыся ўсім у вочы. У ясныя вясеньнія або летнія раніцы ці вечары, калі паветра, напоенае вільгацьцю, бывае асабліва чыстым і празрыстым, гэты волат-манастыр выступае яшчэ больш пуката і выразна ў сваіх магутных абрысах. Тады ён здаецца зусім блізкім, хоць да яго адгэ-