спэктара. А нос у інспэктара быў здаравецкі. Нарэшце Алесік ня можа стрымацца — так зацікавіўся носам.
— А чаму ў цябе такі вялікі нос? — сярод магільнай цішыні чуецца яго наіўнае дзіцячае запытаньне.
— Табе няма дзела да майго носа.
Ну, што-ж было ўзяць з малога Алесіка?
Наогул-жа рэвізія сышла досыць добра.
Аблажыўшыся газэтамі, сядзіць Лабановіч у сваім пакойчыку, чытае апошнія навіны з вайны. Ён так углыбляецца ў чытаньне, што ня чуе, як нехта стукае ў дзьверы, і толькі тады адрывае вочы ад газэты, калі гэты стук пачуўся ў вакно насупроць.
„Каго там чэрці нясуць?“ — думае ён.
Навіны, відаць, яго не здавальняюць.
Ніхто ў вакно яму ня стукаў, і ён ад нечаканасьці аж уздрыгнуў.
Выходзіць, адчыняе дзьверы.
— Ну, і Андрэй Пятровіч! — чуе знаёмы пакрыўджаны голас, — ня хоча ўжо і пускаць у сваю кватэру.
— Як не хачу? — радасна гаворыць ён, — з мілаю душою!
— Сур‘ёзна?
— Больш чым сур’ёзна, Вольга Віктараўна, каб мне з гэтага месца не сайці!
— Ну, то добры вечар, калі так.
— Добры вечар! Ну, і малайчынка-ж вы! Вось як слаўна зрабілі, што даведаліся да мяне! Прышлі ці прыехалі?
— Дзе там у чорта прыехала! Пехадралам пру.
— Ну, гэта ўсё роўна, ці йшлі ці ехалі, абы сюды папалі.
Заходзяць у пакойчык.
— Газэты ўсё чытаеце?
— Чытаю, няхай яны спрахнуць.
— А што так? — пытае Вольга Віктараўна, і вочы яе вясёлаю насьмешкаю іскрацца.
— Ня ладзіцца ў нас.
— І гэта вас засмучае?