лізму і ў няясным парываньні да „разумнага“ жыцьця. Усе-ж дарогі, якія маглі-б прывесьці іх да выйсьця з гэтага зачарованага кругу, для іх былі няясны — іх шчыльна і моцна загрузіла сэмінарская навука і сэмінарскае выхаваньне. Яны ня бачылі таго політычнага ўціску і соцыяльнага зла, якімі было забіта і прыдушана жыцьцё. Трэба было саматугам працярэбліваць гэтыя дарогі, але дзеля гэтага трэба было так ці іначай узыйсьці на іх.
Гэтае разважаньне мела для іх ужо тое значэньне, што яно падмацавала іх у шуканьнях чагось новага, асэнсованага і падымала іх над забрасьнявелым балотам грамадзкага жыцьця; гэтае разважаньне падтрымала той агонь, які не дае памерці і заглухнуць чалавеку для гэтай грамадзкай работы, — адным словам, яно было як-бы моральнаю чысткаю, якая ніколі ня шкодзіць чалавеку.
— Так, брат Алесь, нам трэба шчыльней злучыцца, пісаць адзін аднаму, часьцей рабіць паверкі самым сабе і час-ад-часу запытаць сябе: „Ці ёсьць яшчэ порах у парахаўніцах?“.
— Ёсьць! — заўзята адказаў Садовіч.
Ён зусім настроіўся на ваяцкі лад і ўсё мацней усталёўваўся на сваіх новых позыцыях — парваць усякія зносіны з местачковай кампаніяй і жыць „разумна“.
— А то сап‘ешся і прападзеш, як цюцька.
Успомнілі сваіх сяброў-аднакашнікаў, знаёмых маладых настаўнікаў. Многа аб якіх ня мелі вестак.
— А ведаеш ты нашага Івана „Тарпака“? Гэта ты, здаецца, ахрысьціў яго Тарпаком? — запытаўся Садовіч і весела засьмяяўся.
— Не, ня чуў аб ім. А што?
— Пацешны хлопец. Перш за ўсё атэістым зрабіўся і нікога прызнаваць ня хоча. Назначылі яго ня то ў Апечкі, ня то ў Зарубежжа. Там ужо нікога няма, адзін, як палец. Завёў сабе з бабамі шашні, гуляк на сяле знайшоў, кампанію завёў з імі. Трэба было раз выпіць, а ня было за што. Дык ён узяў ды прапіў Ісуса Хрыста: за кварту гарэлкі аддаў мужыку школьны абраз.