Перайсці да зместу

Старонка:У глыбі Палесься (1927).pdf/168

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

плечы, — вось ня было яшчэ клопату!.. Гэта рунда, што яны там папсавалі трохі караблі. Але няхай ён вылезе на бераг!..

— Яму і дадуць вылезьці на бераг, сумысьля дадуць, каб потым патапіць іх усіх к чортавай матары!.. Гэта, брат, ім ня хаханькі!

Пісар сказаў гэта так энэргічна і так грозна ссунуў бровы, што старшыня зусім заспакайваецца за лёс вайны і за нашу перамогу.

— І далёка-ж жа, мусібыць, падла, Апонія гэтая? — пытае старшыня.

— Далёка, брат, адгэтуль і ня згледзіш, — жартуе пісар.

— Вось і нашага Раманчыка каб не пагналі на вайну, — успамінае Захар Лемеш аб нядаўнім сваім прыяцелю.

— Куды яго пагоняць! — адказвае зьняважліва Дулеба: — там сваіх войск хопіць, сібіракоў.

— Так, — адзываецца Лабановіч як-бы на свае думкі, — даўно Расія не ваявала.

Гэтая вайна робіць на яго моцнае ўражаньне і захапляе неспадзяванасьцю сваіх падзей. Яму даводзілася многа чытаць ваеннай літаратуры, пераважна з гісторыі рускіх войнаў, запісак, романаў. Яго захапляла апісаньне баёў, як апісаньне Барадзінскага бою ў романе „Война и мир“. З асабліваю цікавасьцю накідаўся ён на тыя творы, што былі спэцыяльна прысьвечаны гэтым войнам. Пад уплывам тэндэнцыйнага і аднабочнага асьвятленьня іх, выпукленьня гэроічнай стараны і наўмыснага закрываньня вачэй на яе цёмныя бакі ў ім злажылася прадстаўленьне, у корані фальшывае, аб ваяцкіх здольнасьцях Расіі і аб яе непераможнасьці ў вайне. Вось чаму і цяпер ён падзяляў моцную ўпэўненасьць у тым, што Японія ў гэтай вайне будзе пабіта, як падзялялі гэтую ўпэўненасьць і дзесяткі тысяч адурачаных фальшывым аднабокім выхаваньнем людзей.

Ён пільна сочыць за разгортваньнем ваенных падзей на Далёкім Усходзе, знаёміцца больш падробна з Японіяй, з яе бытам і тэхнікаю, чытае газэты, не прапускае ні аднае заметкі аб вайне самага нікчэмнага ваеннага корэспондэнта.

У скорым часе ў яго школу прыяжджае інспэктар народных школ для рэвізіі. Інспэктарская рэвізія — гэта свайго