— Вайна? з Японіяй? Ня можа быць!
— Не „ня можа быць“, а ўжо ідзе вайна… Ну, паедзем.
Лабановіч адзяе паліто, і яны едуць у воласьць.
— Вось, прахвосты, сукіныя сыны, — гаворыць абурліва Дулеба, — не спадзяюцца на сваю сілу, дык пусьціліся на чыста азіяцкую подласьць: не абвясьціўшы вайны, напалі на нашы броняносцы. Ну, але-ж ім далі чосу! І яшчэ дадуць, так дадуць, што толькі мокранькае астанецца ад іх. Каго яны чапаюць? На каго падымаюць руку? На Расію, якая адна супроць усяго сьвету можа выступіць!
— Але-ж, пане пісару, і яны ведаюць пра Расію і на нешта надзеяцца, калі не пабаяліся першымі зачапіць нас, — заўважае хурман Аўмень.
— Калі бог захоча пакараць каго, то першым чынам адбярэ ад яго розум, — строга кажа пісар.
Аўмень змаўкае і хавае нейкі, як-бы вінаваты, сьмех пад вусамі. Ня то ад таго, што пісар сказаў так трапна, ці так з якой прычыны.
Вестка аб вайне борзда абходзіць сялянскія хаты, а каля фурмана Аўменя і дзеда Піліпа на зборні зьбіраецца кучка паляшукоў. Аўмень — асяродак увагі. Вочы ўсіх падняты на яго. Такая ўвага надае Аўменю важнасьці і гонару. Ды калі сказаць праўду, то Аўмень вышэй тут стаіць за ўсіх, у яго ёсьць знаёмыя чыноўнікі ў Пінску — на пошце і ў казначэйстве. Ад іх можна шмат чаго даведацца. Апроч таго, ён мае знаёмства і сярод яўрэяў. А яўрэі такі народ, што ўсё ведаюць, толькі ня ўсякаму скажуць. І ад іх Аўмень даведаўся многа цікавага.
— Напалі на нашы караблі, — дзівіцца дзед Піліп, і вочы яго выкочваюцца, як у рака, наверх.
— І здорава пабілі! — важна сьцьвярджае Аўмень.
— Пабілі? — падхопліваюць слухачы. — Вось згінь іх маты.
— І самыя лепшыя караблі. Там былі такія гарматы, што стралялі на дваццаць вёрст. Такія гарматы мае толькі адна ангелька.
— І як яны пабілі, каб іх гром пабіў? — пытае дзед Піліп і стукае рукамі па сьцёгнах.
Усе пазіраюць на Аўменя.