вядліва, калі над ім з такім замілаваньнем апякуюцца ўсе, пачынаючы з гарадавога?
Пісар слухае, спусьціўшы вочы, і ў сваю чаргу перапыняе Лабановіча нечаканым зваротам:
— Андрушка! па дружбе кажу табе — кінь! Кінь ты гэтую цёмную работу! Любячы цябе, кажу — кінь!
— Якую цёмную работу? — нападае Лабановіч на Дулебу.
Ён ведае, навошта ківае пісар, але хоча зьбіць яго з тае ўпэўненасьці, з якой гаворыць ён аб цёмнай рабоце, або праканацца, на чым грунтуецца і ў якой меры гэтая ўпэўненасьць.
— Каго ты хочаш у дурнях пакінуць? — зьняважліва пытае пісар: — скажы мне, з кім ты знаёмы, і я табе скажу, хто ты, — прыводзіць ён вядомы афорызм.
— Я знаём з дзяком Бацяноўскім, з папом і не з адным, а многа іх ведаю, знаёмы з земскім начальнікам, з пісарам Дулебаю, — дык хто я такі?
— Гэта — ня факт, — адказвае пісар, зьбіты з нагі такім запытаньнем.
— А вось мая „цёмная“ работа для цябе — факт, можа таму толькі, што навучыць грамаце цёмнага чалавека ёсьць цёмная работа?
— А ты яго вучыш грамаце?
— Так, раблю гэтую „цёмную“ работу… І скажы мне, Мацей, якое табе дзела да ўсяго гэтага?
Мацей як-бы ня чуе запытаньня і кажа:
— І ты гэтага сукінага сына вучыш грамаце?! Для чаго-ж гэта робіцца такая ласка?
Для таго, каб „гэтага сукінага сына“ ня крыўдзілі сотні сукіных сыноў.
— Ах, вось як! Хто-ж гэтыя „сотні сукіных сыноў“? Мусіць-жа і я ўваходжу туды?
— Не, ты — выключэньне.
— Ну што-ж? і за гэта дзякую!
Пісар адвешвае Лабановічу паклон, чуць ня ўпіраючыся носам у стол, а Лабановіч, злосны, ходзіць па пакойчыку.
Некаторы час яны маўчаць.