Перайсці да зместу

Старонка:У глыбі Палесься (1927).pdf/157

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

страх, але стараецца не паказаць гэтага, хоць ад зоркага пісаравага вока ня ўкрываецца ніводзін рух яго твару.

— Тфу, праклятае дзякоўска-папоўскае балота! — абурліва гаворыць Лабановіч, каб адвесьці ўсякія сьляды: — калі да цябе зойдзе ў вольную часіну чалавек, звычайны мужык, і калі ты ад яго не старонішся, як ад зачумленага, ня сядзеш за бутэльку, а пагутарыш з ім проста, як з чалавекам, дык зараз-жа нейкаму чорту гэта ўжо пачынае карцець і наводзіць на ўсякае падазрэньне!

Праз пісараў нос-волат прабіваецца кароткі гук „хм“, галава яго зрушваецца, і сьмех, хітры, многазначны сьмех, рассоўвае валасатыя губы. І сьмех гэты як-бы гаворыць: „Ага! унь ты як загаварыў! Але ведаю, брат, куды ты заносіш!“

Лабановіч заўважае, што яго абурлівая рэпліка ніколечкі не пераконвае пісара. Прыступ нейкай вар‘яцкай злосьці захоплівае яго ўсяго. У яго цяпер зьяўляецца моцнае жаданьне сказаць нешта рэзкае, абразьлівае, хочацца плюнуць на ўсё тое, што становіць гэтую казённа-мяшчанскую сьвятасьць. І ён ледзь-ледзь стрымліваецца, чакае, што скажа пісар.

А пісар гладзіць бараду, усьміхаецца яшчэ раз гэтым абразьлівым сьмехам, як чалавек, што стаіць нязьмерна вышэй таго, з кім ён гаворыць, і ведае шмат больш таго, як гэта можна думаць.

— Так… чалавек… звычайны мужык, — гаворыць пісар, націскаючы амаль не на кожнае слова, і раптам мяняе тон: — але-ж ён і не такі звычайны, як ты гэта хочаш паказаць! І гэтых вольных часін у яго нешта занадта многа. Пра гэтага „звычайнага“ мужыка ходзіць ня зусім звычайная слава. Аб ім нават і сякія-такія матэрыялы маюцца ў воласьці…

— Ну, як ня быць такім матэрыялам! — пераймае пісара Лабановіч, — ён-жа судзіўся з панам Скірмунтам, бухторыў сялян, падымаў іх на яўнае беззаконьне. Як ён, мужыцкае рыла, асьмеліўся выступіць супроць пана?! Якое права мае мужык дапусьціць мысьль, што з ім паступаюць неспра-