Пісарам-жа ён зрабіўся пад уплывам жонкі, жанчыны разумнай і практычнай.
— Ну, пасылай, брат, па піва, — нарэшце кажа ён, бо любіць такі выпіць. З-за выпіўкі ён страчвае не адну ноч, асабліва калі паедзе ў Пінск. Наогул, чалавек ён кампанейскі. Выпіўшы, трохі буяніць, за што пападае часамі ў вучастак.
А тым часам у школе адбылася яшчэ адна падзея, сьведкаю якой быў таксама і Дулеба.
Было гэта ў сярэдзіне зімы.
Заходзіць пісар у школу.
— Ну, Андрушка, пускай дзяцей ды паедзем у Пінск. Годзі табе ўжо марнавацца тут.
Паездка гэтая была якраз на руку настаўніку.
— Паабедаем і паедзем.
Заходзяць у кватэру.
— Ганна! — кліча Лабановіч старожку.
Ганна не аклікаецца. Настаўнік заходзіць у кухню. Юста ціхенька сядзіць каля печы.
— А дзе маці? — пытае настаўнік.
— У кладоўцы.
Кладоўка тут-жа, радам з кухняю. Выходзіць Ганна.
— Давай, Ганна, абед!
Ганна дастае з печы гаршчок, ставіць яго на стол, а сама ізноў зьнікае.
Патраўка была няцікавая. Госьць і гаспадар пабоўталі трохі лыжкамі і забракавалі яе.
— Кінь! — гаворыць пісар, — заедзем да Карамблюма, рыбкі зьямо з піўком.
— Не, брат, стой, — можа другое будзе лепшае, — кажа Лабановіч, бо яму трохі нялоўка перад пісарам за няўдалую патраўку.
— Ганна! — гукае ён.
Ганны ня чуваць.
Ізноў ідзе ў кухню.
— Куды дзелася маці?
— У кладоўцы, — адказвае Юста.
— Што-ж яна робіць там? — злуецца настаўнік.