Перайсці да зместу

Старонка:У глыбі Палесься (1927).pdf/153

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— „Браціе!“ — Расьцяжна гудзе пісар, пачынаючы з самай нізкай басовай ноты, гудзе, як шэршань у пустым асінавым дупле.

Пачаўшы так нізка, як ніжай і не пачаць ужо, пісар чым далей, тым болей павышае тоны. Голас яго наўперад глуха шуміць, потым пераходзіць у гром, гудзе, дрыжыць, зьвініць, вые, што раз мацнее, зьмяняецца злосным, адчайным крыкам, але поступ яго ўверх усё ня спыняецца, а перад самым канцом чытаньня забіраецца ў такую вышыню, што людзям страшна робіцца за пісара: вось-вось, здаецца, ён ня вытрывае, трэсьне, рассыплецца, або разарвуцца ўсе яго жылы і пуп, або проста з ім зробіцца нешта такое, чаго ў цэркві ня можна рабіць. Народ заціх. Адна маладзіца прыткнула вуха. Грыгор Крэшчык высунуў галаву з-за дзьвярэй алтара, што збоку, на твары яго красуецца найшчасьлівейшая ўсьмешка. А Дулеба робіцца чырвоным, як бурак, нос-волат больш і больш задзіраецца ўгору, і апошняя нота вырываецца жудасным завываньнем, не сарваўшыся, аднак, з агульнага тону. Зачараваны і зьдзіўлены стараста ў захапленьні кажа:

— А-а-а! Во голас!

Пісарскі трыумф поўны, а вянец гэтага трыумфу — просфара, якую і падносіць яму Крэшчык у канцы абедні на срэбранай талерцы па загаду а. Мікалая.

Такім парадкам, пісар Дулеба адразу здабывае сабе славу і ставіць яе на моцны грунт, бо ён і настаўнік, і пісар, і сьпявак, і вельмі добры выпівака. І з сялянамі ён умее ладзіць. Калі часамі, праходзячы па вуліцы, ён пачуе, як хто-небудзь з сялян крычыць на скаціну і выказвае пажаданьне, каб яе зьелі ваўкі, то пісар заўважыць:

— Нашто яе будуць есьці ваўкі? Скажы лепей — няхай цябе пісар зьесьць! — Часамі ён і праборку зробіць каму, але зробіць гэта ўмеючы, і на яго нельга пакрыўдзіцца. З людзьмі сходзіцца борзда і адразу ўваходзіць у ролю пані-брата. З Лабановічам сышоўся ён яшчэ баржджэй. Заходзіць да яго часамі, каб пагутарыць аб школьных справах, бо яны яму ня чужыя і настаўніцкую пасаду любіць.