— „О плавающих, путешествующих, страждущих, недугующих и плененных и о спасении их господу помолимся“. Дзяк зноў сьпявае, а Грыгор адказвае:
— Не! пабегала! Каля Міколы ацеліцца.
Такім парадкам правіцца набажэнства і таргуецца карова.
Цяпер-жа, калі на клірасе стаіць пісар Дулеба, адчуваецца некаторая напружанасьць. Сьпевакі баяцца аскандаліцца перад новым чалавекам, ды яшчэ валасным пісарам, і трымаюць свае галасы ў граніцах пэўнай дысцыпліны. Сам пісар незаметна пераходзіць у ролю рэгента. І від яго страшны. Хоць ён чалавек і малады, — яму толькі дваццаць восем гадоў, — але барада яго вырасла, як у добрага старавера. Ён нават і падобен да старавера. З першага погляду яго бараду можна было-б назваць рыжаю, але яна была ня рыжая, а так сабе, сьветлаватая. Гледзячы на бараду, растуць яго і бровы, грозна навісаючы над сьветла-сінімі, пранізьлівымі, як і ў дзеда Піліпа, вачамі. Ад стыку брывей пачынаецца яго нос з усімі адзнакамі носа-волата. Каб галаву дзятла павялічыць разоў у дваццаць адпаведна з гэтым дадаць яму сьветла-русую бараду, то яго галава мела-б вельмі блізкае падабенства да галавы пісара Дулебы.
Стоячы на клірасе, пісар прыпускае часамі баса, але не на ўсю яго сілу: сіла голасу яго выявіцца ў часе чытаньня „апостала“, які зараз і надыходзіць. Хор прыслухоўваецца і цягне за пісарам. У тых-жа выпадках, калі чуецца выразная фальш або зьбіваньне з тону, пісар трасе галавою, махае рукою, перахватваючы сьпевы і змушаючы хор падпарадкавацца яму.
Але набліжаецца момант чытаньня „апостала“. Пісар знайшоў ужо і адпаведнае месца ў сьвятой кнізе. Вось ён, спусьціўшы вочы, выходзіць на сярэдзіну цэркві, займае позыцыю супроць царскіх дзьвярэй. А. Мікалай падрыхтоўвае парафіян да слуханьня слоў сьвятога апостала. Нарэшце, паміж ім і пісарам, чытальнікам апостала, адбываецца невялікая перамова, што патрабуецца рытуалам, пасьля чаго ўжо Дулеба прыступае да чытаньня.