Перайсці да зместу

Старонка:У глыбі Палесься (1927).pdf/151

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ўмешваецца. Ён проста ня ўмее, але ў такіх разох ён спасылаецца на словы сьвятога пісьма: „Хвалеце бога на трубах, на арганах, на гусьлях, на дудках, на цымбалах“… Ну, словам, як хто хоча, абы толькі бога хваліў. Такім парадкам у кожнага сьпевака выпрацоўваецца свая манера сьпяваць. У звычайныя-ж дні на клірасе стаіць адзін дзяк і сьпявае сам-адзін. Сьпявае ён, гледзячы як калі. Пачне, як чалавек, а кончыць чорт ведае як — дзікаю піскліваю фістулою. А то проста на сярэдзіне сьпеваў спыніцца і высмаркае нос, калі гэтая прылада сьпеваў так ці іначай забастуе, неакуратна праводзіць насавыя ноты.

Ня вельмі ўважны да набажэнства і а. Мікалай, асабліва на вячэрнях, калі народу ў цэркві мала. Вячэрня прапускаецца борзда. Поп толькі расчыніць губу, каб выгукнуць некалькі сьвятых слоў, а дзяк падхватвае наляту, або перабівае і цягне сваё. А часамі а. Мікалай, адпраўляючы набажэнства, умудраецца перагаварыць з Крэшчыкам аб гаспадарскіх справах. Звычайна рабілася гэта так.

А. Мікалай заводзіць:

— „Благословенно царство всегда ныне и присно и во веки веков“…

А дзяк цягне: — „аминь“.

Вось у гэты момант, калі яго зьмяняе дзяк, а. Мікалай і гаворыць:

— Прадай мне, Грыгор, сваю карову.

Пачуць ад Грыгора адказ зараз-жа не заўсёды ўдаецца, бо дзяк сваё скончвае. Тады а. Мікалай заводзіць новы выгалас, каб дзяк не аставаўся беспрацоўным. Дзяк сьпявае, а Грыгор у гэты час кажа:

— Купляй, бацюшка.

— Колькі-ж ты за яе хочаш?

І зноў не ўпраўляецца пачуць адказу, бо дзяк чакае.

— „О изобилии плодов земных и временех мирных господу помолимся!“

Дзьк сьпявае „госпадзі памілуй“, а Грыгор назначае цану каровы:

— Сорак пяць рублёў.

— А яна ў цябе не перадойка?..