— Калі ласка, ужычце мне, — просіць яе Лабановіч.
— Вольга Віктараўна зараз-жа ўстае, капаецца ў сваіх патайных сховах і вымае некалькі тоненькіх брошурак.
— Вазьмеце і скарыстайце іх, да толькі вярнеце іх мне.
Лабановіч бегла знаёміцца з кніжачкамі і хавае іх.
— Як вы думаеце, Вольга Віктараўна, якім парадкам магла трапіць да мяне на ганак кніжачка Івана Вольнага?
— У Пінску-ж напэўна ёсьць рэволюцыйная організацыя. І нехта разумны дагадаўся падкінуць вам гэтага Івана Вольнага.
— Напэўна так яно і ёсьць, — згаджаецца Лабановіч.
— Я гэтымі днямі зьбіраюся ў Пінск. У мяне там ёсьць знаёмыя. Праз іх можна зьвязацца з організацыяй. Тады літаратуры будзе даволі… Вот гэту работу я разумею!
Вольга Віктараўна зусім ажыўляецца. Яна толькі шкадуе, што ў яе няма покі што такіх людзей, з якімі-б можна было таксама заняцца чытаньнем нелегальных кніг, але яна цешыць сябе тым, што ўвойдзе ў організацыю, і організацыя ёй дапаможа.
Яны доўга сядзяць і гавораць. Вольга Віктараўна паказала тоўсты рукапісны сшытак, дзе было многа розных рэволюцыйных песень і вершаў.
Калі Лабановіч ішоў дадому, то ён думаў аб сваёй нелегальнай рабоце і аб Вользе Віктараўне. У яе асобе ён бачыў першую такую дзяўчыну і прасякся да яе вялікаю павагаю.
Сякія-такія зьмены адбыліся ў Высокім за гэты час. Прыехаў новы пісар Мацей Дулеба, бо чарнявага Раманчыка, ранейшага пісара, забралі ў салдаты.
Калі гэта сталася фактам, то старшыня Захар Лемеш упаў у стан жальбы і адчаяньня. Колькі жалю і спачуваньня было выказана тут Раманчыку!
— Эх, Хведзя, Хведзя, друг ты мой любы! Ня думаў я і ня чаяў разлучыцца з табою.
Тут старшыня апускае вочы і журботна зьвешвае галаву, як тая ўдава, пахаваўшы мужа. І тады ўжо пісар выступае ў ролі суцяшальніка.