Маланьня прынясла самавар.
— Ну, будзем чай піць і за чаем пагутарым аб вашым вандроўніцтве.
Вольга Віктараўна прыбірае стол, зрэдка перакідаючыся з суседам кароткімі сказамі.
— Ведаеце, Вольга Віктараўна, — гаворыць Лабановіч, седзячы за сталом, — апроч жартаў, я сур‘ёзна думаю над сваім вандроўніцтвам. Але я бачу ў ім і ня толькі адну поэзію — тут можа быць і няцікавая проза. Ды справа ня ў гэтым. Я хачу бліжэй прыгледзецца, як людзі жывуць, чым жывуць і што яны думаюць. Такое жаданьне зьявілася ў мяне нядаўна… Вы ведаеце, што раблю я цішком? — ціха пытае Лабановіч.
Вольга Віктараўна глядзіць на яго.
— Напэўна пропаганду ведзяце?
— Іменна. Крамольныя ідэі прапаведую.
— Ну?!
Настаўніца яшчэ больш ажыўляецца, і ў вачох яе іскрачкі пабліскваюць.
— Што вы на гэта скажаце? — пытае яе.
— Маладзец вы, Андрэй Пятровіч! Ад душы посьпеху жадаю вам. Цікава-ж, як вы гэта робіце?
— Покі што ў мяне ёсьць тры асобы, сяляне, і адзін з іх чалавек вельмі сур‘ёзны. На яго можна палажыцца, як на каменную сьцяну. Вечарамі сяды-тады ён заходзіць да мяне, і я вучу яго, бо ён няпісьменны, а побач з гэтым вяду гутаркі на розныя „крамольныя“ тэмы. Да мяне прыходзяць яшчэ двое, бацька з сынам. Цікавыя тыпы!
— А як-жа вы натрапілі на іх, сабралі? — пытае Вольга Віктараўна.
— Да проста прыглядаюся да людзей, прыслухваюся да іх слоў, выпрабоўваю іх патрошку.
— І яны нябось слухаюць?
— Вельмі ўважна. Наогул работу з імі можна рабіць. Адно толькі шкодзіць — няма адпаведнай літаратуры.
Лабановіч расказвае сваю гісторыю з нелегальнаю кніжачкаю.
— Сёе-тое і ў мяне знойдзецца, — кажа настаўніца.