— Няхай-жа ніколі не абяднее рука, што налівае чаркі, і няхай стаяць на дарогах лужыны!
І ўжо пасьля такой прымоўкі спрытна куляе чарку. Пасмакаваў, паглядзеў на настаўніцу.
— Ведаеце Вольга Віктараўна, што?
— Ну?
— Другі раз я прыду к вам босы.
Настаўніца сьмяецца.
— А можа яшчэ адну?
— Не, і ўся тая лужына ня варта гэтага божага дару.
— Ну, то мы вып‘ем яго з чаем. А цяпер закусеце.
Лабановіч чуе, як прыемная цяплыня расходзіцца па целе, і яму зусім добра тут.
Кватэрка Вольгі Віктараўны старая і цемнаватая. Даўно пабеленая столь уся зрысована рудымі зацёкамі. Падлога падгніла, і дошкі хістаюцца пад нагамі. Настаўніца жыве ў адным толькі пакойчыку, акуратна і чысьценька прыбраным, як гэта ўмее прыбраць дзявочая рука.
— Ну, пахвалецеся-ж, Вольга Віктараўна, як жывецца вам тут?
— І ня пытайцеся, Андрэй Пятровіч. Кідаюся, хватаюся, а ўсё нейк… ня тое. Няма… ну, як вам сказаць, ну, гэтай радасьці работы.
— Вы яшчэ напэўна знаходзіцеся ў стане наладжваньня работы, а на гэтай ступені заўсёды многа клопату і няпрыемнасьці, — пробуе супакоіць і падвесяліць яе Лабановіч.
Яна як-бы трошкі задумваецца над яго словамі і адмоўна трасе галавою.
— Не, мяне проста работа не здавольвае, і ўся абстаноўка яе нейкая нялюдзкая. Вы бачылі мой клясны пакой?
— Не, ня бачыў.
— Хочаце паглядзець?
— А давайце паглядзім.
Вольга Віктараўна вядзе яго ў школу.
— Вот, любуйцеся, — гаворыць яна, адчыніўшы дзьверы.
Школьная кляса мела вельмі запушчаны і пануры выгляд. Атынкованыя сьцены былі забруджаны, абшарпаны, абабіты. Усюды чарнелі сьляды вучнёўскай пісаніны, бо