Абодва Бязручкі — людзі шчуплыя і белабрысыя. Калі стары Бязручка скупы на словы, то сын гаворыць і за сябе і за бацьку. У той час, калі гаворыць Якім, бацька ўважна слухае, але не глядзіць на сына. І трудна наогул сказаць, куды ён глядзіць. Здаецца, ён абмяркоўвае ўвесь час нейкую надзвычай складаную жыцьцёвую задачу, але ён усё чуе, не прапускае нічога.
Гаварылася тут многа чаго: аб цяжкім стане народу, аб прывольным жыцьці паноў і начальства, аб ашуканстве і зьдзеках над простымі людзьмі, — аб тых прычынах, што выклікаюць такі парадак на сьвеце, што трэба рабіць, каб адваяваць сваё права на сьвеце, што гэта за людзі ўсе тыя, каго называюць соцыялістымі, чаго яны хочуць, за што пакутуюць, чаму іх караюць стражэй, чым забойцаў і канакрадаў.
— Але чаму нам бацюшка аб гэтым ніколі нічога ня скажа, — пытае Якім.
— Як-жа табе ён казаці-ме, калі ён з нашай цемры хлеб мае. Хто-ж гэта пойдзе сам супроць сябе. — Адказвае Аксён: — поп, земскі начальнік, прыстаў, спраўнік, — гэта, брат, усё адна шайка.
Часамі-ж тэмаю такіх гутарак былі і проклямацыі. Тым ці іншым спосабам траплялі яны і ў сялянскія рукі. Быў такі час, калі гэтыя проклямацыі таемнымі рукамі засоўваліся ў сялянскія вазы. Прыедуць, бывала, сяляне з рынку, пачнуць выбіраць з-воза свае пакупкі і знойдуць вузенькія, доўгенькія лісточкі. Няграматны селянін паглядзіць на іх ды схавае ў кішэню, каб пры здарэньні паказаць іх чалавеку граматнаму. Паднясуць іх часам а. Мікалаю, дзяку ці лясьнічаму.
Лясьнічы паглядзіць, паглядзіць і — шась. Рве проклямацыю на дробныя шматкі, а потым вылаецца моцнымі словамі і кажа:
— Гэта ўсё жыдоўскія махінацыі. Ідзі і рукі памый. А калі зловіш гэтага сукінага сына, што падсоўвае такую сквернасьць, дык цягні яго ў паліцыю. У паліцыю, і ніякіх.