рукі рабочых, што на іх гарбох багацеюць і ад‘ядаюцца ў гарадох розныя купцы і фабрыканты, а на зямлі — дармаеды-памешчыкі. Трэба ведаць, што намі камандуе нязначная кучка дваранства і багатых гандляроў на чале з царом. Трэба зразумець усю гэтую музыку, гэтую хітрую машыну, каб зваліць яе з сваіх плячэй. Але аднаго толькі веданьня мала, трэба закладаць свае саюзы і організацыі. Чым большыя будуць такія організацыі, тым лягчэй будзе вясьці змаганьне за сваё права і за сваё вызваленьне.
Аксён слухае, згаджаецца, часамі трасе галавою.
— Ой, трудна зрабіць гэта з нашым народам! — кажа ён, і робіць увагі, што народ у розныя бакі глядзіць, а іншаму дурню гэтага ніяк і ў галаву не ўваб‘еш.
— Адразу, у адзін дзень, пэўна-ж, ня зробіш гэтага. Добра ўжо будзе, калі цяпер на сяло знойдзецца некалькі чалавек, што будуць падзяляць гэтыя думкі і другім аб іх казаць… Толькі-ж, Аксён, у гэтай справе павінна быць вялікая асьцярога!
— Ну, гэта-ж вядома.
Такія гутаркі вяліся з Аксёнам вечарамі на кватэры настаўніка. Потым да Аксёна далучыліся яшчэ двое, бацька і сын. Гэта былі суседзі Лабановіча. Старому Бязручку было гадоў за пяцьдзесят, а сыну яго Якіму ў гэтым годзе трэба было на прызыў ісьці. Стары Бязручка называў сябе казаком — яго продкі былі казакамі на Украіне, а потым перабраліся на Палесьсе. Стары Бязручка болей маўчыць. У яго зубох увесь час люлька тырчыць. Можа гэтая люлька і ёсьць прычына таму, што стары Бязручка бярэ малую часьць у прамовах. Затое-ж твар яго вельмі выразна адбівае ўсе рухі яго мысьляй і пачуцьцяў. Часамі — ён вымае з роту люльку, сплёўвае і робіць кароценькую ўвагу. Звычайна-ж больш гаворыць рукамі. Асабліва многазначна махае ён рукою, калі гаворка заходзіць аб цару. Тады ён падымае вочы на царскі портрэт, ня вымаючы з зубоў люлькі, і махне на яго рукою, і гэты мах гаворыць вось што:
— Карысьці, брат, з цябе столькі-ж, як і з дзіркі, што ў мосьце.