кажуць: „міністры не паказалі прашэньня цару“. Выходзіць так, што гаспадар добры, а вінаваты слугі. Глупства ўсё гэта, Аксён, і мана: цар ніколі ня пойдзе супроць памешчыкаў, бо сам ён перш-за ўсё ёсьць памешчык. Цар Мікалай Першы так і сказаў на сабраньні дваран і памешчыкаў: „Не забывайце, панове, што я ёсьць першы сярод вас памешчык“. Я вам, Аксён, і болей скажу. Вы ведаеце здарэньні, калі цар здавольвае просьбы. Але ці ведаеце вы такія здарэньні, калі цары высылалі хадакоў ад сялян у Сібір? А такія здарэньні былі.
Аксёна ў гэты момант найболей займаюць тоні.
— Дык выходзіць, што тоняй ад пана Скірмунта ня вырвеш? — пытае ён.
— Ня вырвеш, — пацьвярджае Лабановіч.
— І прашэньне, кажаце, не паможа?
— Не, не паможа, — упэўнена адказвае настаўнік.
— Ох, згінь-жа яго маты!
Злосьць забірае Аксёна. Перад яго вачамі ўстаюць суды і доўгая цяганіна з панам Скірмунтам і гэты пройгрыш справы па ўсіх інстанцыях.
— Астаецца адно, — кажа Аксён, і вочы яго пабліскваюць злосьцю: — прыдушыць, згінь яго доля!
— І гэта не паможа: у пана знойдуцца насьледнікі, а таго, хто яго прыдушыць, згнояць у вастрозе.
Аксён хмурыць свой лоб. Відаць, як блізка прымае ён гэта ўсё да сэрца. Мысьлі яго шукаюць выхаду і гэтага выхаду ня бачаць, а ў сэрцы ўзьнімаецца помста і злосьць.
— І няўжо-ж — вечна будзе іх сіла і іх права? — Як-бы да самога сябе гаворыць Аксён.
— Гэтага не павінна быць і ня будзе, але само нічога ня зробіцца.
— А хто зробіць?
— Павінны зрабіць самі пакрыўджаныя.
— А як яны зробяць?
— Вось над гэтым і трэба падумаць. Перш за ўсё трэба перастаць верыць у цара і расьсейваць гэтую пустую веру і ў другіх. Трэба ўсьведаміць, што ўвесь дзяржаўны цяжар нясуць на сабе гаротныя сялянскія сьпіны і мазолістыя