і расьпісацца, што яго вельмі цешыць, але гэта яшчэ ня сьведчыць аб яго пісьменнасьці. Чытае ён з друкаванага слаба, а з рукапіснага яшчэ горш. Расьпісацца-ж ён можа, бо расьпісваньне складае найболей часты від яго практыкаваньня ў пісьме. Дома практыкавацца яму няма калі дый нязручна. Прыходзіцца здавольвацца тым, што набудзе тут. Але бяз практыкі гэты набытак нятрывалы, і Аксён часамі выказвае думку, што можа навукі з яго і хваціць. Настаўнік-жа ўпарта насядае на яго, заахвочвае ісьці далей. І яны патрошку ідуць.
Але ня гэтая навука складае галоўны зьмест іх вечароў — першае месца адводзіцца гутаркам іх на тэмы політычнага характару. Аксён Каль аказваецца такім чалавекам, з якім гаварыць можна сьмела. Ён толькі трохі зьдзівіўся, пачуўшы ад настаўніка, што самы большы вораг народу ёсьць цар, бо Аксён падзяляў агульную веру ў цара, як у асобу, што стаіць па-за межамі людзкіх інтарэсаў, для якой аднакава блізкі інтарэсы ўсіх станаў насяленьня, а калі на сьвеце і робяцца зьдзекі і несправядлівасьці над бедным чалавекам, то ў гэтым вінаваты царскія дарадчыкі і ўсе гэтыя басякі і міністры, губарнатары, земскія начальнікі, спраўнікі і ўсялякія іншыя чыны, якіх нават і ня зьлічыш. Для Аксёна Каля цяпер якраз і нявыгодна было страціць веру ў цара, нявыгодна з чыста практычнага боку: яго не пакідала надзея адваяваць затокі ад пана Скірмунта, а для гэтага аставаўся адзін толькі спосаб — падаць прашэньне на імя цара.
— Але падаюць-жа людзі просьбу цару і гэтыя просьбы ён не пакідае, — пробуе супярэчыць Аксён.
— Ну, вядома-ж, каб гэтых просьб ён ня прымаў, то іх і не падавалі-б. Але якія просьбы здавольвае цар? Калі ў каго брыдкае прозьвішча, і ён хоча зьмяніць яго, то ён падае прашэньне цару — такую просьбу цар уважыць. Калі засудзяць каго, таксама цар можа зьменшыць кару і можа нават зусім скасаваць яе. У такіх дробных выпадках, чаму-ж? цар памагае, бо трэба-ж, каб людзі мелі веру ў цара. Але там, дзе закранаюцца інтарэсы дваран, памешчыкаў, то цар ніколі ня стане на бок сялян. І ў такіх разох