дух і падымаючы яго на паўстаньні, тэй праўды, за якую лепшыя дзеці народу марнелі па астрогах, гібелі і чэзьлі ў ссылках на катарзе, або ў росквіце жыцьця складалі галовы па цёмных сутарэньнях. І ўсе гэтыя мучанікі за праўду выклікалі зьдзіўленьне і глыбокае спачуваньне і з непераможнаю сілаю хілілі на тую цярністую, пуціну, пакуты, па якой ішлі яны.
Але разам з гэтым ясьней выяўлялася і дваістасьць таго стану, у якім ён цяпер апыніўся. З аднаго боку ён — вясковы настаўнік — павінен праводзіць у жыцьцё пэўныя ідэі. Сэнс іх — замацаваньне таго парадку рэчаў, у справядлівасьць якога ён ня верыць. Над ім ёсьць вока, і гэтае вока ня дрэмле. І не адно, а многа такіх вачэй. З другога-ж боку, выконваючы сваю ролю, ён сьвядома пераходзіць у рады ворагаў народу. Ён станецца лгаром і проста нячэсным чалавекам, калі будзе ўбіваць праз школу ў дзіцячыя галовы гэтыя казённыя ідэі.
Прабаваў ён у сваіх разважаньнях спыніцца на пэўных уступках — абыходзіць моўчкі ўсё тое, што спрыяе разьвіцьцю гэтых казённых прынцыпаў, накіроўваць думкі дзяцей на несправядлівасьць соцыяльных парадкаў, абуджаць у іх грамадзкую сьвядомасьць, закідаць у іх душы зерне сумненьня ў тым, ці добра ўсё тое, што прынята лічыць справядлівым.
Ён успамінае свае даўнейшыя разважаньні аб ролі настаўніка, калі быў яшчэ ў Цельшыне. Падобныя мысьлі прыходзілі яму і тады, розьніца толькі ў тым, што тады ня бачыў ён таго, што ведае цяпер, а толькі адчуваў, гэта сваім соцыяльным чуцьцём. Але гэтыя компромісы не заспакойваюць яго. Усе такія мысьлі выходзяць ад таго згодніка, што жыве ў істоце чалавека.
Заспакоіцца і пагадзіцца на гэтым няможна. Трэба рабіць нешта іншае, трэба заспакоіць сваё грамадзкае сумленьне і выйсьці з фальшывага палажэньня ашуканага чалавека, таго палажэньня, у якім знаходзяцца мільёны адурачаных людзей. І такі выхад ён знаходзіць у Аксёну Калю.
Аксён Каль заходзіць да яго вечарамі. Іх навука хоць марудна, але пасоўваецца наперад. Аксён ужо нават можа