Выслухаўшы дзяка, ён кажа:
— На лаўца і зьвер бяжыць, калі толькі ён сам ня дурак.
А потым яшчэ больш расхалоджвае дзяка.
— Гэта — глупства. Я ведаю здарэньні, калі студэнт і студэнтка начуюць у адным пакойчыку, на аднэй пасьцелі і нічога паміж імі ня бывае.
Такім парадкам сярод мужчын дзяк ня сустрэў таго эфэкту, якога ён спадзяваўся. Затое жанчынам ён даў багаты матэрыял, якога ім хваціла на доўгі час.
Скора пасьля гэтага ў школу заходзіць дзяк. На гэты раз ён прышоў сюды, як настаўнік. А. Мікалай з-за гаспадарскіх ці іншых спраў ня меў часу зьявіцца на закон божы і папрасіў дзяка падмяніць яго ў школе.
— Ты ўжо, Амос Адамавіч, жывеш там блізка. Займіся, зрабі ласку, чым-колечы з вучнямі.
— Можна, а. Мікалай! — дае дзяк сваю згоду.
У справе выкладаньня ён ня меў практыкі. Але яна яму і не патрэбна. Ён сам калісь вывучаў закон божы, памятае, як вучылі ў яго часы. Праўда, ён шмат чаго перазабыў, але сёе-тое ў яго памяці яшчэ засталося. Вось аб гэтым, што захавала яму памяць, ён і будзе казаць.
Вучні былі вельмі зьдзіўлены, убачыўшы дзяка ў школе. Шмат хто з вучняў меў справу з дзяком, забягаючы летам у яго сад і агарод. А ён ганяўся за імі і лаяў іх.
Дзяк прыступіў да справы павольна.
Наперад паведаміў, што а. Мікалай даручыў сёньня яму заняцца з імі законам божым. Усю школу злучыў ён у адну групу і загадаў дзецям, сядзець ціха, слухаць уважна. А потым ужо прыступае да справы.
— Ну, ты! — пальцам тыча дзяк на аднаго хлапчука.
Падымаецца некалькі хлапчукоў, бо гэты вывернуты дзякоўскі палец накіроўваецца на некалькіх вучняў.
— Чаго вы ўсе паўставалі? — крычыць на іх дзяк.
Дзеці пачынаюць хіхікаць.
— Я вам пасьмяюся, лайдакі вы! — грозіць ён ім.
— Ну, вось ты, чарнявы з краю!
Падымаецца „чарнявы з краю“.
— Як цябе зваць?