Перайсці да зместу

Старонка:У віры жыцьця (1925).pdf/98

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ай, які ты, Даніла! Ну, ці-ж можна быць нюняй гэткай? Трэба бадрыцца, вышэй галаву трымаць. Няўжо-ж ты так аслабеў, што ня можаш сьмела, бадзёра зірнуць на жыцьцё?.. Сорамна. Табе-ж не прывыкаць. Ты-ж работнік, радзіўся ў працы, у працы ўзрос… — Слухай, Даніла, ведаеш што?… Кінем мы пра гэта. Во што… Абяцай мне, як мужчына, як работнік, што не паддасіся, што заўсёды будзеш сьмела бадзёра глядзець на ўсё, што ня будзеш урывацца ў што-небудзь адно, у адзін куточак, а будзеш шырэй глядзець: тут дрэнна, дык там добра; тут пуста, дык там поўна… Во так! Ну, дык абяцай мне гэта… Добра? Абяцаеш?.. Ну ты мужчына!..

Яна палажыла яму на плечы свае рукі і ўпарта глядзела на яго вясёлым, задорным поглядам. Ён пачуў, як і яму робіцца весела. Усьміхнуўся…

— Ладна. Я папрабую. Абяцаю табе, мая галубачка. Паваюем яшчэ…

VIII.

Сьнег… Сьнег… Сьнег…

Разам пасыпаўся, як з вялізнага каша. Сьняжынкі беленькія, кволенькія замітусіліся мітульгой у гульліва-вар‘яцкіх скоках…

— Гэй, беражыся! Дарогу нам! Аблепім, спаўём, бельлю пабелім… Усё!

І пабялілі… Зямлю атулілі, коўдрай мяккай, пухкай. А на будынкі, на дрэвы бровы белыя панавесілі, дзядамі сівымі зрабілі…

Людзі хаджалыя твары хаваюць: ня хочуць гарэзьлівых пацалункаў спрытных сьняжынак. Але ці-ж ад іх схаваешся гэткія пройды… Залезуць пад шапку, за каўнер, разьліюцца вільгацьцю, мыюць чалавека гвалтам… Во якія дасьціпныя!..

Але людзі ня злуюць. У кожнага твар вясёлкай грае. Куды-ж там… Сьветла, прыгожа. Чысьценька, як у сьвята. Весела!..

У гэты першы зімовы дзень Даніла ў сваёй хаце сядзеў.

Сьвята… Жонка сышла некуды, дзеці ў спальні дурэюць. А Даніла ля вакна.

Вакно на гароды. Пакуль воку відаць — белы прасьцяг чыстым абрусом. На ім прыкрымі плямамі — праслы, дрэўкі. А ўдалеч там усё апавіта туманам. Гэта сьняжынкі спляліся ў цэлую хмару, загараджваюць, хаваюць ад вачэй, жартаўніцы, што дзееца там далёка.

Даніла якраз у тую шэра-бялясую заслону нярухомым поглядам упяўся. Ня бачыць нічога, бо ўвесь у думках. А во-