У ВІРЫ ЖЫЦЬЦЯ
I.
Ужо добра сьцямнела, як Міхалка прыкандыбаў да Шлёмкі.
У нізенькай, шэрай і бруднай хацёнцы дрыгацеў змрок. Шлёмка ўжо лямпу запаліў, але яна была такая малькотненькая, што пры ўсёй шчырасьці і стараннасьці ў яе не хапала моцы перамагчы цемры, панаваўшай у хаце, і яна толькі асьвятляла сваім пудліва-жвавым бляскам нізенькі столік з гарой шавецкага начыньня і кудлатую галаву Шлёмкі.
— Добры вечар! — гукнуў Міхалка, пераставіўшы сваю дзеравяшку праз высокі парог.
— А… Добры вечар, добры вечар!.. Ну-ну, добра, што зайшоўся… Сядай!..
Міхалка вольна ўздыхнуў, выцягнуўшы абедзьве ногі. Відаць было, што ён добра змучыўся, пакуль дайшоў.
— Усё працуеш?..
— А што-ж… Трэба, як той кажа, хлеб есьці.
— Гэта так…
— Ну, што табе ў воласьці сказалі?.. Даўно прыехаў?
— А во, толькі-што каня завёў на выган… Што?.. Ды што-ж яны скажуць — адна хэўра… Далі зноў запіску. У іх, відаць, умова такая: тыя пішуць, каб вочы адвесьці, а гэтыя толькі сьмяюцца знаюць, што ніхто не пакарае за няслухмянства… Але спалохаліся, як сказаў, што ў губэрню паеду… Я, брат, там нарабіў гвалту. А мне што? Усё роўна рабіць няма чаго. А праезд дармавы. У губэрні нічога ня зробяць у Маскву паеду, да самага Леніна дайду, а свайго даб‘юся. Мне ня тое ў галаве, што там пожню на які воз ня далі — гэта глупства… Але час ужо іхную хэўру разагнаць.
— Не, але-ж да чаго дайшло? Заселі, закупілі воласьць, робяць, што хочуць, ды яшчэ сьмяюцца з нашага брата.
— Якое, ужо і разгаварваць ня хочуць. Учора Платоніха пайшла к сэкратару, каб паперку даў у млын… Бяз фунтоў каб… І слухаць ня стаў. Нічога, кажа, жыва будзеш, калі й