Перайсці да зместу

Старонка:У віры жыцьця (1925).pdf/85

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Зноў пакацілася. Зірнула на яго яшчэ горш…

— Ды кіньце вы, Даніла… Хіба хочаце, каб я памёрла ад сьмеху… Досыць стаяць, аслупянеўшы. Сядзьце лепей!..

Даніла сеў.

— Ну і дзівак вы. Ці-ж гэтак можна? Няўжо вы й сапраўды падумалі, што я так разлавалася… Мо‘ думалі, што спалохалася? Ды не, я мужчын не баюся, я-ж не інстытутка…

— Але я ўсё-ткі нічога не разумею.

— Тут і разумець няма чаго. Гэта нават ня было для мяне неспадзявана. Я-ж даўно знаю, што падабаюся вам… Нават больш таго: знаю тое, чаго вы ня ведаеце. Я знаю, што і вы мне падабаецеся… Што, ня верыце? Не? Хочаце, я пераканаю вас… Хочаце?

Яна раптам падбегла да яго, ускочыла к яму на калені, абняла горача, моцна і стала цалаваць…

— Во! Во! Цяпер верыш? верыш?..

Даніла нясьмела абнімаў яе гарачы стан…

V.

Жыдкая гразь сьлюнява лізала ногі. Цьвякала. Было цёмна, як у магіле. Толькі здалёк, з канца вуліцы ліхтар скрозь туман падміргваў. Плюскаў чагось мокрым вокам. Мо‘ плакаў?..

Каля дому свайго Даніла ў лужыну ўпёрся. Не заўважыў. Ля дзьвярэй спыніўся. Узьняў руку паляпаць, але заместа таго абапёрся на дзьверы і ўтаропіўся ў цемру. Туды, назад…

Яшчэ гарэў твар, яшчэ нешта салодкае пералівалася ў сярэдзіне. П‘яніла ружовым тлумам галаву, спавівала. Глядзеў у тупую, мокрую цемень і бачыў… яе бачыў, ласкі яе адчуваў.

Стаяў, пакуль не працяла наскрозь мокрая золь. Тады здрыгануўся і з давольнай усьмешкай абярнуўся к дзьвярам.

Заспаная жонка. Бруд. Нейкі пах няпрыемны на кухні. Цяжарная ціша, маўчанка…

Даніла паморшчыўся. Утуліўся сам у сябе, быццам адмежаваўся ад усяго, што навокал. Вошчупкам пасунуўся ў свой куток.

Доўга ня спаў. Ня мог заснуць, не давала Гануля. Чуць заплюшчыць вочы — іскрысты туман віхаецца, звонам няўпынным звоніць. Рассуваецца і паказвае Ганну. Яна таксама віхаецца. То нахіляецца блізка-блізка, вусны чуваць, то далёка адносіцца, здалёк мігаціць. Круціцца… І соладка і дрэнна. Нудзіць нешта… А вочы расплюшчыш — цемра адна.

Раз-по-разу жонка цяжка на ложку варочалася. Стагнала, нешта бурчэла. Не разабраць… Ня сьпіць, пэўна.