Даніла ня важыўся гаварыць, хоць і меў што якое ў думках. Як гаварыла Ганна, глядзеў на яе з захапленьнем, лавіў кожнае слова.
А яна ўмела гаварыць. Гаварыла з пачуцьцём, абурэньнем. Натхненьне зьяла з вачэй, і ўся была нейкая дзіўная, новая. Зьмянялася. Даніла нават ня знаў, што яго больш захапляе — словы яе ці сама.
А як пачалася гутарка пра сям‘ю, пра штодзеннае жыцьцё комуністага, тады Ганна стала асяродкам. Адны накідаліся на яе з гарачым, шчырым імпэтам, другія абаранялі. А яна ўся гарэла задорным агнём.
— Трусы вы, во што! Здалелі зрабіць рэволюцыю, сьвет перавярнуць, усё дыбарам паставіць, а жыцьцё сваё зьмяніць баіцёся. Жонак спалохаліся. Не, ужо, памойму, рушыць дык рушыць! Усё… дашчэнту… Нічога старога! Новае будаваць трэба, а не чакаць, пакуль варункі зьменяцца ды абаранкі з неба пасыпяцца, ды бабы вас вучыць возьмуцца… Як ні кажыце, як ні спрачайцеся, а мужчына ў сваім уласным сямейным быцьці — сам консэрватар… Во!..
У Данілы кожнае слова адбівалася ў мазгох цэлай плоймай гарачых думак, кожнае слова адчыняла розуму новыя, дасюль невядомыя пуцявіны… Было прыемна і страшна.
Як ішлі ў двор пасьля пасяджэньня, гаманілі аб тым самым. Ня ўгледзілі, як дайшлі да Ганнінае кватэры.
— Можа да мяне зайдзіцёся? — прапанавала Ганна. — Я вам пакажу кніжкі. Многа ў мяне цікавых ёсьць. Калі хочаце, чытаць бярыце…
Даніла проста асалапеў.
— Як? Ноччу?..
— Ха-ха-ха! Во табе й маеш… Ну, дык што… Ня ўсё роўна — ці ўдзень, ці ўноч? Можа ваўкоў баіцёся, дык у нас у хаце няма ix…
Данілу жонка ўспомнілася. Ні-то стыдна было, н-то страшна чагось. Ня важыўся.
— Во… Ці ні я казала, што мужчына яшчэ больш прыхільны да розных забабонаў, чымся баба. Я, баба, не баюся запрашаць яго ў хату, а ён, мужчына, ісьці баіцца… Эх, вы!..
Яна паляпала ў дзьверы. Адчыніла старая гаспадыня з заспаным тварам. Даніла адхіліўся ўбок, каб не пазнала.
Увайшлі. Ганна запаліла невялічкую лямпу, якая цьмяна асьвятліла пакой.
Пакойчык невялічкі. Ложак, спраўна засланы чырвонай коўдрай, стол, пара крэслаў. На стале кнігі. Побач люстэрка, яшчэ колькі дзявочых прылад.