Перайсці да зместу

Старонка:У віры жыцьця (1925).pdf/77

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Можа й так… Але варта вашаму брату: неспакойны народ. Ведама — бабы…

— Ну, кажыце вы…

Пакуль дайшлі да двара, усё гаварылі.

А праз гадзіну Даніла сядзеў у работніцкім клюбе і нецярпліва чакаў, ці скора прыдзе Ганна.

Работнікі сядзелі гурткамі, упаўголаса гутарылі адзін з адным. За сталом „верхаводы“ сядзелі. Разьбіралі паперы, аб нечым паціху спрачаліся.

Даніла ўсё азіраўся. Ляпнуць дзьверы — ён і зірк: ці не яна? Пакой напаўняўся новымі людзьмі, а Данілу здавалася, што ён пусьцее.

Пачалася сходка. Даніла ня слухаў, аб чым гаварылі. Думкі лёталі ва ўсе бакі, што косы прожэктару. Неяк ураз няліся ў абшары і траціліся. Быў непарадак у галаве і ніяк не ўдавалася сабраць думкі да ладу.

Хацелася ўсё назад азірнуцца, ды стрымліваўся, быццам сароміўся сам сябе Але ўрэшце ня вытрымаў — і ўбачыў яе на краю лаўкі.

Шэрая сукенка, шэрыя вочы…

Адразу настрой зьмяніўся. Весела стала. І сталі зразумелымі словы прамоўцы.

А як кончылася сходка, як запелі „Інтэрнацыянал“, — усё азіраўся Даніла, баяўся, каб не пайшла без яго.

Пайшлі разам. Ганна сьпяшалася.

— Заўтра ўставаць раненька-раненька, а сёньня яшчэ многа зрабіць чаго трэба… Нават і пачытаць некалі. Кніжку цікавую ў бібліотэцы дастала — проста не адарвацца… А вы ці чытаеце што?

— Некалі…

— Ну, што там некалі… Столькі сама часу, колькі і ў мяне, калі ня больш.

— У мяне сям‘я…

— А!.. Ну, гэта іншая рэч.

Яна ўсё турбавалася, каб хутчэй дабрацца дадому. А яму хацелася памарудзіць. Ён любіў увечары прайсьціся па гораду, падзівавацца на яго кіпучае, бурлівае жыцьцё. Зірнеш усьцяжна вуліцу — агні, сьвет, людзі, людзі бясконца… Увушшу зьліваецца дзіўную гутарку-песьню: грукат калёс, гвалты хлапцоў, гоман усяго гэтага людзкога натоўпу…

Як праходзілі міма рэсторану, абодва міжвольна зірнулі ў шырокія вокны, поўныя яркага сьвету.

— Вунь яны… П‘юць, ядуць… Ліха ім!.. Во, каму жывецца!