насьць: аднаму лепшы выпадзе, другому горшы — гэта-ж незраўнуеш. А куды лепей-бы — супольным ладам. Адзін арэ, другі скародзіць, трэці сее, чацьверты яшчэ што робіць. Менш жывёлы, начыньня трэба, а посьпех яшчэ вялікшы. Ніякіх табе шнуркоў, меж — гані праз усё, ды й годзе. А там — ці машыну купіць, ці пабудаваць што-якое, мірам — дык гэта ўраз, ня то, што па аднаму.
Толькі маўчаў пакуль-што Цішка. Нікому з сялян не выкладаў сваіх думак, бо добра ведаў, што не зразумеюць пакуль-што сяляне, не згадзяцца на гэта. Дужа хочацца кожнаму з іх мець „свой“ асобны кавалачак. Вякамі ўзгадавалася ў іх гэтае жаданьне… Пасьля ўсё можна будзе, а цяпер — не…
Так і падзялілі зямлю. На які час — яшчэ й самі ня ведалі. Чакалі, які загад ад ураду выйдзе.
Цішка тож узьбіўся трохі на гаспадарку. Працаваў — як толькі мог. Працаваў з жарам, з запалам. Толькі ня ладзілася ў яго гаспадарчая справа. Ня прыходзілася яму ніколі на зямлі працаваць, бо яшчэ, мусіць, дзяды яго адбіліся ад зямлі, за рамяство ўзяліся. А ня прывыкшы змалку працаваць, ужо пад старасьць трудна прывыкаць…
І Цішка біўся, як рыба аб лёд, клаў усе свае сілы, а ўсё ня было ладу. Глядзіць ён на другіх мужчын і сам аж зайздросьціць: гэтак спрытна і лёгка ў іх выходзіць! Цэлы дзень працуюць і хоць-бы што, а ён за гадзіну замучыцца так, што ледзь дыхае.
І злосьць бярэ яго і дасада… Часамі ледзь не заплача… Гэтак хочацца яму над зямелькай папрацаваць… Колькі чакаў ён гэтага шчасьлівага часу!.. Усё-б аддаў, здаецца, каб толькі так, як іншыя, папрацаваць у ахвоту!..
Ня можна…
Лета біўся Цішка Бабыль, а з восені зноў засеў у сваю хацёнку, зноў заляпаў кляўцом…
Сядзіць, арудуе сваім начыньнем і пяе ценкім сіплым галаском, мармоча сабе пад нос. Не зразумець, што пяе ён, якую песьню аднатонную цягне… Толькі, калі добра прыслухацца, можна часамі злавіць у яго пяяньні знаёмыя словы вядомых рэволюцыйных сьпеваў.
Як і раней, любіць Цішка кніжку або газэтку пачытаць, любіць з сялянамі пагутарыць, разважыць іхныя жыцьцёвыя замінаньні. У Пракудзіне ўжо ў звычай увайшло: калі ў каго непаразуменьне якое, патрэба зараз да Цішкі Бабыля. І ён усё растлумачыць, раду добрую дасьць.