Перайсці да зместу

Старонка:У віры жыцьця (1925).pdf/63

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Пан разьюшыўся да таго, што твар яго, тлусты, шырокі, пачырванеў, як бурак. Ржэчыцкі хацеў нешта папярэчыць, але ў гэты час увайшоў аканом, выпхнуўшы перад сабой калматаг а, абшарпанага мужыка…

Пятрусь (гэта быў ён) меў такі выгляд, быццам яго перапіхнулі праз малатарку. Пашкуматаны, растрапаны ўвесь чыста, валасы, барада ўскалмачаны, на твары гузы з сінякамі… Стаяў і неяк тупа, бязглузда глядзеў перад сабой. Аканом падштурхваў яго, шэпчучы нешта на вуха, але ён ня кратаўся з месца.

— Ну-ну! — загаварыў пан грубым пагардлівым тонам. — Забыўся на звычай дзядоўскі, а?.. Бальшавікі адучылі?.. Ну!..

І ён выцягнуў уперад сваю пухлую, брыдкую руку.

Пятрусь сьперш паглядзеў, не разумеючы, сваімі шырока-расплюшчанымі няпрытомнымі вачмі, потым ураз ажывіўся, падбег да пана, пацалаваў яму ў руку і рынуўся на калені…

— Паночку, даражэнькі! Даруйце! Ня буду больш ніколі… яй-богачку, ня буду… Паночку, гора мяне прымусіла. У лазьні жыву другі год…

З распаленых вачэй адна за адной закапалі буйныя сьлёзы. Твар сударгава скорчыўся, сабраўся неяк, яшчэ больш закудлаціўся. Мужык заплакаў, што дзяцёнак…

А пан глядзеў на яго з свайго мяккага крэсла, і на яго вуснах дрыгацела дзікая, злорадная ўсьмешка.

— Во, — зьвярнуўся ён да Ржэчыцкага: — падзівуйцеся!.. Во вам узор… Што, сапраўдны чалавек дапусьціў-бы сябе да гэтага? Зірнеце, дзе тут ёсьць чалавек? Пхе!.. Я бачу тут толькі брыдкую, дурную жывёлу, якой хвост прышчамілі!..

— Значыцца, красьці? — зьвярнуўся ён да Пятруся. — А? Красьці, сукін сын? У пана можна, а? Ня грэх?..

— Даруйце, паночку! — галасіў зьбянтэжаны мужык. — Ня губіце!.. Век бога буду маліць… Даруйце, паночку! Чатыры бярнушкі невялічкія…

— Ха-ха-ха!.. Чуеце, а? Які погляд на людзкія законы! Чатыры гэта можна, ха-ха-ха!.. Дык, значыцца, чатыры толькі?.. Толькі чатыры, ха-ха-ха!..

— Даруйце, паночку!..

— Ды ты чаго заходзішся? — зьмяніў пан голас. — Я-ж з табой нічога не зраблю, не крану нават…

Пятрусь, ня ўцяміўшы, з недаверлівай надзеяй зірнуў на пана.

— Ха-ха-ха! Толькі ў суд падам… Толькі ў суд… Ну, штраф заплаціш невялічкі, мо‘ ў вастрозе троху пасядзіш… Гэта-ж глупства… Чатыры бярнушкі толькі, ха-ха-ха!..