Перайсці да зместу

Старонка:У віры жыцьця (1925).pdf/62

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

яшчэ, — пан пачаў гаварыць трохі злосна, — што гэтыя самыя гутаркі вашы, даходзячы часам да яго вушэй, псуюць яго. Ен пачынае нямаведама, што думаць аб сабе, распускаецца… Што, мала клопату нарабілі нам гэтыя бальшавікі? Мала пад іх уплывам хлопы нам напаскудзілі?.. І цяпер яшчэ паскудзяць… Усё спадзяюцца, што прыдуць тыя…

— Паночку, як сабе ня хочаце, а мы самі трохі вінаваты ў гэтым. Цяжкае жыцьцё прымушае…

— Жыцьцё? Ды няхай-бы я з голаду падыхаў, ня меў кавалка хлеба, усё роўна не адважыўся-б красьці… А яны?.. Вы ведаеце, што мне прышлося трайную варту паставіць у Заблонскім бары. Крадуць… Едуць, як у свой лес усё роўна… Ну, скажэце вы, хіба можна назваць чалавекам таго, хто ня прызнае ніякіх чалавечых законаў, для якога памыкацца на сьвятое права ўласнасьці — звычайная рэч, га?.. Ну, як-бы вы, пане, паглядзелі на мяне, каб я прышоў у ваш дом і звалок у вас што-якое, а?..

— Каб вы гэта зрабілі ў звычайным становішчы, я, вядома, асудзіў-бы гэты ўчынак; але зусім іншая рэч, калі-б вы зрабілі гэта, паміраючы з голаду… Ня знаю… Наўрад-бы я кінуў тады ў вас камень асуджэньня…

— Іначай кажучы, вы ня лічыце вінаватымі тых мужыкоў, што крадуць дрэвы з майго бору?

Ржэчыцкі трохі памаўчаў…

— Выбачайце, паночку, але ў нашым кампанстве, я мысьлю, не павінна быць сакрэтаў… Так, я ня лічу іх вінаватымі…

Пан Бажэлка вылупіў вочы. Ржэчыцкі пасьпяшыў дадаць:

— Але, вядома, каб вы запыталі мяне пра гэта дзе на людзях, — я адказаў-бы іначай.

Пан Бажэлка нарыхтаваўся сказаць нешта, але адчыніліся дзьверы і ў пакой увайшоў панскі аканом.

— Што трэба? — абярнуўся да яго пан.

— Паночку, сёньня ў лесе яшчэ аднаго злавілі.

— Злавілі? Дзе ён?..

— Тутака, сюды прывялі.

— Вядзеце сюды!

Аканом пайшоў.

— Во! Чуеце? Ну, што-ж, павашаму гэта так і трэба, гэта нішто сабе?.. З голаду, з цяжкага жыцьця, а значыцца, зусім добрая справа… Не, паночку, мала яшчэ пражылі вы, калі хочаце ведаць!.. Ня вольнасьць патрэбна гэтаму быдлу, а пуга… ёмкая пуга… во што!.. Сьціснуць іх так, каб аж пішчэлі, — тады будзе парадак!..